Два прысуды за супраціў міліцыянтам былі вынесеныя з розьніцай у два тыдні ў Баранавічах. У першым выпадку мужчына проста вырываўся, бо не хацеў, каб участковы склаў на яго пратакол. У другім хлопец зламаў міліцыянту сківіцу, піша выданьне Intex-press.
Першым пад суд трапіў раней не судзімы 57-гадовы жыхар Баранавіцкага раёну, які супраціўляўся пры затрыманьні за расьпіваньне сьпіртовых напояў у грамадзкім месцы. Калі да яго падышоў участковы і прапанаваў прайсьці ў службовую машыну для складаньня пратаколу, мужчына стаў вырывацца, хапаць участковага за вопратку, спрабаваў замахвацца на яго. Участковы атрымаў нязначныя цялесныя пашкоджаньні «ў выглядзе ранак».
На судзе абвінавачваны сваю віну прызнаў. Сказаў, што супраціўляўся, таму што быў п’яны і не хацеў, каб яго аштрафавалі. Суд прысудзіў яго да шасьці месяцаў арышту ўмоўна, а таксама абавязаў выплаціць 735 рублёў «крымінальна-прававой кампэнсацыі» ў даход дзяржавы.
У другім выпадку супрацоўніку міліцыі зламалі сківіцу. Як стала вядома з матэрыялаў справы, у пачатку сакавіка 2018 году міліцыянт-кіроўца ў складзе апэратыўнай групы прыехаў на выклік у адзін з бараў у цэнтры Баранавічаў: наведніца паскардзілася, што яе зьбілі. Участковы пайшоў размаўляць з пацярпелай, а кіроўца стаяў ля машыны. Да яго падбег незнаёмы хлопец, моцна ўдарыў кулаком у твар і кінуўся наўцёкі, але спатыкнуўся і ўпаў. Калі міліцыянт дагнаў хлопца і нахіліўся, каб дапамагчы яму падняцца, той яшчэ раз ударыў міліцыянту па твары.
Хлопца затрымалі на шляху дадому, ён спаў у таксоўцы. Міліцыянт зь пераломам сківіцы трапіў у бальніцу.
На судзе абвінавачаны 21-гадовы хлопец, ужо чатыры разы судзімы, ня стаў адмаўляць сваёй віны. Сказаў, што ўдарыў міліцыянта, таму што быў моцна п’яны і «у прынцыпе дрэнна ставіцца да міліцыі». Суд прызнаў хлопца вінаватым і прысудзіў да года пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў калёніі ва ўмовах строгага рэжыму.