Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея пратэстуе супраць пляну Вялікай Брытаніі ўзмацніць вайсковую прысутнасьць у Арктыцы

Брытанскі міністар абароны Гевін Уільямсан (у цэнтры) раней назваў пляны Лёндану часткай «стратэгіі абароны Арктыкі» ад меркаванай расейскай пагрозы
Брытанскі міністар абароны Гевін Уільямсан (у цэнтры) раней назваў пляны Лёндану часткай «стратэгіі абароны Арктыкі» ад меркаванай расейскай пагрозы

Расейскае пасольства ў Лёндане пярэчыць супраць пляну брытанскіх уладаў налета ўзмацніць вайсковую прысутнасьць у Арктыцы для процідзеяньня росту пагрозы з боку Расеі.

«Заклікаем брытанскія ўлады, якая апошнім часам актыўна прасоўваюць канцэпцыю „Глябальнай Брытаніі“, рэалізоўваць свае амбіцыі ў іншых сфэрах. Нічым не апраўданыя пляны нарошчваньня Вялікай Брытаніяй вайсковай прысутнасьці каля непасрэдных межаў Расеі прывядуць толькі да стварэньня нікому не патрэбнай напружанасьці», — цытуе прадстаўніка расейскай амбасады расейскае дзяржаўнае агенцтва ТАСС.

Паводле яго, «Расея ды іншыя арктычныя краіны разглядаюць рэгіён як прастору для канструктыўнага ўзаемадзеяньня, там няма і не павінна быць патэнцыялу для канфліктаў».

Першага кастрычніка брытанскі міністар абароны Гевін Уільямсан заявіў выданьню The Telegraph, што Вялікая Брытанія ў наступным годзе адправіць 800 вайскоўцаў у Нарвэгію, дзе будзе разгорнутая новая вайсковая база. Ён назваў гэтую апэрацыю часткай «стратэгіі абароны Арктыкі» ад меркаванай расейскай пагрозы.

Кіраўнік ведамства сказаў, што Вялікая Брытанія адрэагуе на рост актыўнасьці расейскіх падводных лодак у рэгіёне, якая, па яго словах, «блізкая да ўзроўню часоў халоднай вайны».

Разам з брытанскімі вайскоўцамі на новай базе ў Нарвэгіі разьмесьцяцца салдаты ЗША, Нарвэгіі і Нідэрляндаў — усяго тры тысячы вайскоўцаў. Яны прымуць удзел у маючых адбыцца вайсковых вучэньнях — найбуйнейшых з часоў заканчэньня халоднай вайны. У іх будуць задзейнічаны 40 тысяч вайскоўцаў з больш як 30 краінаў — чальцоў і партнэраў NATO.

Манэўры пройдуць у кастрычніку і лістападзе. 130 самалётаў, 70 караблёў і больш за 10 тысяч транспартных сродкаў возьмуць удзел у рэалізацыі сцэнару абароны супраць гіпатэтычнага ўварваньня каля берагоў Нарвэгіі.

XS
SM
MD
LG