Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Азнавур, урокі шчасьця


Шарль Азнавур.
Шарль Азнавур.

З правага дальняга кутка паўасьветленай сцэны чорная пантэра праколвае прамень пражэктара і зьнікае, каб на паўсэкунды пазьней зноў успыхнуць рэзкім сылюэтам на авансцэне, у цэнтры:

Je vous parle d’un temps
Que les moins de vingt ans
Ne peuvent pas connaître

«Я раскажу пра час, пра які тыя, каму няма дваццаці, ня могуць ведаць...»

Паўгода таму, калі я сядзеў на канцэрце і слухаў «Багему», Шарлю Азнавуру было 94 гады і публіка ня ведала, чаму зьдзіўляцца і чым захапляцца больш: голасам і мэлёдыямі ці фізычнай формай легендарнага шансанье.

Азнавур адпрацаваў канцэрт без антракту. Стройная фігура ў чорным строі кантралявала ўсю прастору, ён выходзіў да гледачоў, вяртаўся да музыкантаў, часам прысаджваўся на высокае, як за барнай стойкай, крэсла, каб, ні на хвіліну не спыняючыся, расказваць нейкія гісторыі, успамінаць, камэнтаваць. Мяне яшчэ ўразіла рэакцыя залі, якая імгненна рэагавала на рэплікі, сьмяялася, уздыхала. Слухачы Азнавура ў Празе ведалі францускую, гэта была яго публіка.

І тыя, хто ня ведаў, былі яго публікай.

Рэч была ня толькі ў драматычным голасе, які часам параўноўвалі з пагаслым вульканам і параненай птушкай, агоніяй скрыпкі і задышкай альпініста — здавалася, ён ня ўмее спыняцца перад ніякай вяршыняй. Было нешта ў яго выкананьні, што адразу пераносіла ў іншы сьвет, дзе любілі, гублялі, знаходзілі, спадзяваліся, атрымлівалі паразу, марылі, жылі з такой жарсьцю, так цяпер і напоўніцу, так у мінулым і ў будучыні, як гэта можа рабіць толькі свабодны чалавек.

Француз, які ніколі не забываў, што ён армянін, які дапамагаў радзіме сваіх бацькоў вяртаць гістарычную памяць і адбудоўвацца пасьля землятрусу, здабываць незалежнасьць і прадстаўляць яе ў ААН, які меў плошчу свайго імя ў Ерэване, які дачакаўся і вітаў новую рэвалюцыю — кожная краіна хацела б мець такога амбасадара. Ня ўсякая заслугоўвае.

1 кастрычніка 2018 году памерла цела чалавека, якога называлі найлепшым эстрадным сьпеваком ХХ стагодзьдзя. Дзіўная навіна пра чалавека, які ведаў, як быць шчасьлівым і як рабіць шчасьлівымі нас.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG