Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Большасьць беларусаў не прайшла вакцынацыю ад грыпу


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

40 адсоткаў беларусаў прайшлі вакцынацыю ад грыпу, паведаміў 1 кастрычніка дацэнт Беларускай мэдычнай акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі Мікалай Галабародзька.

Паводле яго, у мэдыкаў існуе такое паняцьце, як «калектыўны імунітэт». Ён дасягаецца ў тым выпадку, калі вакцынаваная праслойка складае пэўную долю насельніцтва. Для грыпу такім парогам лічыцца ад 35 да 75%. Вакцынацыя дапамагае не распаўсюджвацца грыпу і людзям менш хварэць.

Спадар Галабародзька сказаў, што ў Беларусі сёлета ўпершыню зьявілася чатырохвалентная (чатырохкампанэнтная) вакцына ад грыпу — раней была толькі трохвалентная. Апошняя каштуе 15-20 рублёў, а чатырохвалентная — 25 рублёў.

Як удакладніла прадстаўніца Міністэрства аховы здароўя Беларусі Іна Карабан, любы грамадзянін Беларусі можа атрымаць бясплатную вакцыну па месцы жыхарства, але калі яна яго не задавальняе, то можа прайсьці вакцынацыю платна.

Па словах Мікалая Галабародзькі, у эўрапейскіх краінах мала бясплатных вакцынацый:

«Людзі ўжо настолькі сасьпелі, што яны разумеюць, што здароўе каштуе грошай».

Галоўны супрацоўнік Міністэрства аховы здароўя Беларусі Ігар Карпаў падкрэсьліў, што найбольшыя рызыкі захворваньня грыпам маюць цяжарныя жанчыны і людзі, старэйшыя за 65 гадоў. Што тычыцца пажылых людзей, то складанасьць іх сытуацыі ў тым, што грып можа пацягнуць за сабою такія цяжкія хваробы, як інсульт або інфаркт. Яшчэ адна катэгорыя — дзеці, у якіх пасьля грыпу могуць разьвіцца ўскладненьні на пнэўманію.

Ігар Карпаў адзначыў, што яго, спэцыяліста па інфэкцыйных хваробах, часта пытаюць, ці можна не рабіць прышчэпку і пры гэтым не захварэць на грып.

«На жаль, так быць ня можа: трэба абавязкова прышчапляцца», — сказаў ён.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG