Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Amnesty International: Беларускія законы дазваляюць весьці беспадстаўнае сачэньне за грамадзянамі


Праваабарончая арганізацыя Amnesty International лічыць, што дзейнае беларускае заканадаўства дазваляе ўладам ажыцьцяўляць беспадстаўнае і несанкцыянаванае сачэньне за людзьмі.

Пра гэта гаворыцца ў дакладзе арганізацыі пра сытуацыю ў галіне правоў чалавека ў Беларусі за пэрыяд ад 2013 да 2018 году.

«Дзейнае заканадаўства, якое рэгулюе правілы правядзеньня тайнага назіраньня, дазваляе ўладам ажыцьцяўляць шырокамаштабнае сачэньне безь якіх-небудзь пацьверджаньняў яго правамернасьці; пры гэтым адсутнічаюць належнае санкцыянаваньне і нагляд за ажыцьцяўленьнем сачэньня з боку якога-небудзь незалежнага судовага органу», — пішуць у разьдзеле «Адвольнае і незаконнае ўмяшаньне ў асабістае або сямейнае жыцьцё» аўтары дакладу, які будзе прадстаўлены ў Камітэце па правах чалавека ААН у кастрычніку.

Паводле аўтараў дакладу, сыстэма апэратыўна-вышуковых захадаў дазваляе ўладам наўпрост атрымліваць доступ да ўсіх інтэрнэт-камунікацыях карыстальнікаў і зьвязаных зь імі зьвестак, не паведамляючы пра гэта правайдэраў.

«Тайнае сачэньне ажыцьцяўляецца адразу некалькімі дзяржаўнымі органамі і вядзецца на падставе цэлага шэрагу шырока і расплывіста сфармуляваных прававых падстаў», — адзначаюць аўтары дакладу.

Міжнародныя праваабаронцы рэкамэндуюць уладам Беларусі прывесьці заканадаўства, якое рэгулюе правілы правядзеньня тайнага назіраньня, у адпаведнасьць зь міжнароднымі абавязаньнямі Беларусі, у тым ліку, забясьпечыць, каб сачэньне не магло весьціся пры недастатковых прававых падставах або без усялякага санкцыянаваньня.

Таксама рэкамэндуецца «прывесьці практыку правапрымяненьня ў адпаведнасьць зь міжнароднымі абавязаньнямі і забясьпечыць, каб санкцыянаваньне і нагляд за правядзеньнем сачэньня ажыцьцяўляліся належным чынам і праводзіліся незалежным судовым органам».

Агулам справаздача складаецца з настуупных разьдзелаў:

  • «Права на жыцьцё»
  • «Права на свабоду і асабістую недатыкальнасьць»
  • «Свабода выражэньня»
  • «Адвольнае і незаконнае ўмяшаньне ў асабістае або сямейнае жыцьцё»
  • «Свабода мірных сходаў»
  • «Свабода аб'яднаньняў»

Паводле Amnesty International, ва ўсіх гэтых галінах у Рэспубліцы Беларусь маюцца грубыя парушэньні міжнародна прызнаных дэмакратычных нормаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG