Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Латвіі ўпершыню арыштавалі за фэйкі ў інтэрнэце: аўтарам пагражае да 9 месяцаў турмы


Паводле паведамленьня латвійскай паліцыі, знойдзеныя і арыштаваныя два мужчыны — аўтары непраўдзівых сэнсацыйных публікацый.

  • «Толькі што ў Рызе абрынуўся гандлёвы цэнтар!»
  • «Авіякатастрофа: Самалёт, які ляцеў у Латвію, упаў у Нямеччыне. 130 загінулых!»
  • «У Латвіі выяўленыя небяспечныя павукі. Ад іх укусаў загінулі некалькі чалавек».

Гэтыя страшылкі ад навінавага сайту Redzams тыднямі гулялі па латвійскіх сайтах і сацыяльных сетках, а паліцыя атрымліваліасотні званкоў ад ўстрывожаных жыхароў.

Толькі ў жніўні 2018 году паліцыянты высьветлілі, хто стаіць за фэйкамі, і арыштавалі дваіх мужчын, у тым ліку 21-гадовага рэпэра Ніка Эндзіньша. Ён ужо больш за месяц знаходзіцца пад арыштам у Рыскай цэнтральнай турме, а ўсе ягоныя старонкі з фэйкамі заблякаваныя.

Схема працавала проста: аўтары публікавалі скандальныя артыкулы, тыя выклікалі цікавасьць чытачоў — на сайт ішлі рэклямадаўцы. Спачатку Эндзіньш выдумляў гісторыі пра выкрадзеных дзяцей і фальшывых дабрачынцаў, але потым пераключыўся на больш маштабныя гісторыі. За стварэньне фэйкавых навінаў паводле латвійскіх законаў яму пагражае да 9 месяцаў турмы.

«За такія гісторыі, пабудаваныя на чалавечых страхах і болю, дакладна трэба судзіць, — абураецца дзейнасьцю Эндзіньша журналіст Марыс Зандэрс. — Бярэцца рэальнае фота палітыка ці партыі — і зьверху кладзецца зусім іншы тэкст, як бы ад першай асобы. Гэта ўвогуле бязьмежжа».

Выпадак Эндзіньша і Redzams зноў прымусіў Латвію спрачацца: ці трэба рабіць больш жорсткім пакараньне за распаўсюджваньне фэйкаў і ў цэлым больш «рэгуляваць» інтэрнэт? Меркаваньні на гэты конт разышліся.

«Мы можам разьлічваць на адукаваную частку грамадзтва, якая ўмее думаць крытычна. Але дэмакратыя не павінна быць бяззубай, некантралюемай. Дэмакратыі, дзяржаве трэба ўмець пра сябе паклапаціцца», — лічыць юрыст Іева Бранце.

Але праціўнікі такога падыходу папярэджваюць, што барацьба з фэйкамі можа хутка ператварыцца ў цэнзуру. Магчымы кампраміс — не караць аўтараў фэйкаў, але навучаць іх патэнцыйных ахвяр.

«Мы павінны выхоўваць інтэрнэт-карыстальнікаў, вучыць іх несьці адказнасьць за тое, чым яны дзеляцца ў інтэрнэце, — кажа Каспарс Лыцыціс, прадстаўнік Руху „Бясьпечны Інтэрнэт“. — Чым больш людзей навучацца думаць крытычна, пачнуць адрозьніваць фэйкі і не зьвяртаць на іх увагі, тым менш будзе такіх сайтаў».

Паралельна са спрэчкамі ў Латвіі працягваецца збор подпісаў у падтрымку ўзмацненьня жорсткасьці пакараньня інтэрнэт-парталаў за фэйкавыя навіны. Калі ініцыятыва зьбярэ 10 тысяч галасоў, законапраект паступіць на разгляд парлямэнту.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG