Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чытач Сіўко: Перавагу аддаю аўтарам і сюжэтам уцямным


Франц Сіўко

У рубрыцы «Варта» на выходных мы публікуем адказы на анкету пра чытацкія звычкі беларусаў. 20 пытаньняў пра тое, як файна чытаць файную літаратуру. Сёньня на нашу чытацкую апытанку адказвае пісьменьнік Франц Сіўко.

Што вы цяпер чытаеце?

Найчасьцей цяпер зьвяртаю ўвагу на выданьні ці публікацыі ў пэрыядычным друку ліставаньняў, дзёньнікаў, жыцьцяпісаў творчых асобаў, розных літаратурна-біяграфічных і крытычных эсэ, дасьледаваньняў і да т.п. На тое, што ня так патрабуе сыстэматычнасьці і ўважлівасьці, як, скажам, уласна бэлетрыстыка, дзе ўвесь час трэба напружваць зрок і мазгі, сачыць за сюжэтам. Таму на сёньняшні дзень на маім стале пераважна кнігі такога кшталту, як «Дзёньнікі і запісы Барадуліна», «Нататкі вандроўніка» Стэндаля, «Век крыміналістыкі» Торвальда. Або такія творы, што даравальна і похапкам прагартаць дзеля атрыманьня больш поўнага агульнага ўяўленьня пра аўтара (напрыклад, «Няскончанае» Л. Талстога).

Якую выдатную кнігу вы прачыталі апошнім часам?

Нядаўна ў адным са старых нумароў «Замежнае літаратуры» натрапіў на арыгінальны твор Робэрта Ная «Місіс Шэксьпір. Збор твораў». Мне ён быў цікавы як прыклад аўтарскага абыходжаньня зь біяграфіяй (дакладней, з яе неадназначнымі вэрсіямі) творцы ў сьвятле апошніх павеваў і зьвіхаў паліткарэктнасьці. З навейшага назаву аповед паўднёвакарэйскага празаіка Ку Хёсо «Мяхі з сольлю». Зь вялікім спазьненьнем (праца пабачыла сьвет у 2005 годзе) і з гэткаю ж цікавасьцю «праглынуў» дасьледаваньне Бугаёва «Уладзімер Дубоўка. Кніга пра паэта».

Што ўплывае на ваша рашэньне прачытаць кнігу: рэцэнзія, парада сяброў, атрыманьне прэміі кнігай, нешта іншае?

Здараецца, што шукаю штосьці мэтанакіравана. Вось днямі вярнуўся з вандроўкі ў Ясную Паляну і Меліхава, і захацелася перачытаць сёе-тое з абодвух колішніх жыхароў гэтых расейскіх сядзібаў. Багатыя на рэгіянальную лексыку дзёньнікі Барадуліна, напрыклад, амаль заўсёды бяру ў рукі з пэўнаю мэтаю — адшукаць яе на старонках выданьня ды падзівіцца з аўтарскае памяці і, прабачаюся за патаснасьць, адданасьці слову роднаму, пракаветнаму. Наогул жа, пры выбары кніг найперш, як, відаць, і кожны чытач з немалым стажам, давяраюся ўласнаму густу. Што да навінак пэрыёдыкі, то тут прасьцей, бо гэта — справа звычкі. Раз на месяц — абавязковае азнаямленьне з усім новым у часопісах, што дасягальнае ў моўным пляне.

Самая цікавая рэч, пра якую вы даведаліся з кнігі апошнім часам…

Калі мець на ўвазе ня зьмест кнігі, а працэс яе чытаньня суб’ектам, які сам нешта піша, то гэта тое, што, насуперак агульнапрынятаму меркаваньню, з толкам выкарыстаныя аўтарам дыдактычныя прыёмы могуць не толькі не шкодзіць твору (сюжэту), а наадварот — быць яму на карысьць. Такая выснова кожны раз зьяўляецца падчас чытаньня, напрыклад, А. Бэнэта, творы якога заўсёды мне цікавыя.

Які клясычны раман вам давялося прачытаць апошнім часам упершыню?

Раман «Бесы» Дастаеўскага. Да якога падступаўся, можа, год пятнаццаць, калі ня больш. І які падчас чытаньня мяне захапіў так, як, можа, толькі ў свой час захапіў «Кірмаш выхвальства» Тэкерэя.

Глінянага Вялеса атрымаў Франц Сіўко

Якіх сучасных аўтараў — раманістаў, паэтаў, драматургаў, крытыкаў, журналістаў — вы цэніце і любіце больш за іншых?

Паважаю аўтараў без навязьлівай, ненатуральнай мадэрновасьці. Мне ў працэсе чытаньня важны ў творы сюжэт, а потым ужо — стыль і ўсе іншыя прыўкрасы-прыбамбасы. Таму перавагу аддаю, канечне, аўтарам і сюжэтам уцямным. Як літаратар разумею ролю наватарства ў справе разьвіцьця літаратуры, але што мне як чытачу да яе (літаратуры) лёсу? Што да канкрэтных імёнаў, то ў розным узросьце яны — розныя. Маюцца, канечне, і сталыя ўлюбёнцы, іх шмат. Прываблівае спэцыфічная эстэтыка некаторых японскіх празаікаў зь іх схільнасьцю да дэталізацыі. Люблю гартаць айчынныя часопісы з падборкамі сталых і маладых паэтаў, сярод якіх знаходжу нямала вартых увагі асобаў. Наогул, з большаю ахвотаю чытаю паэзію, а ня прозу. З маладых гадоў маю прыхільнасьць да літаратурна-крытычных артыкулаў, якія магу чытаць пару гадзін запар і пры гэтым ні разу не пазяхнуць.

Якая кніга апошнім часам давяла вас да сьмеху?

Апошнім — ніякая. Мабыць, проста ня трапілася сьмешная. А вось хто заўсёды даводзіць да сьмеху, дык гэта Чэхаў. У яго нейкая прыроджаная, фэнамэнальная здольнасьць быць сьмешным. Але, за рэдкім выключэньнем, ня коштам нейкіх танных выбухных жартачак, а коштам уменьня быць па-сапраўднаму дасьціпным у падачы казусаў жыцьця і побытавых сытуацый. Гэта сьмех, што звычайна спадарожнічае зьдзіўленьню. Апроч гэтага, Чэхаў вельмі часта дазваляе сабе сьмяяцца з таго, з чаго, як правіла, сьмяяцца не прынята. З аднаго боку гэта — быццам сьвятатацтва, але ж, з другога — заўсёды насамрэч дасьціпна, і мне гэта даспадобы.

З айчынных аўтараў назаву нашых даўнейшых байкапісцаў, напрыклад, Валасевіча. У яго ёсьць вельмі сьмешныя байкі, якія, памятаю, напрыканцы 80-х карысталіся вялікай папулярнасьцю ў чытацкіх аўдыторыях. Ці як тут не ўзгадаць Крапіву зь ягонаю п’есаю «Хто сьмяецца апошнім», якая, на мой погляд, зь літсюжэтаў з жыцьця людзей навукі зьяўляецца творам на ўсе часы.

А ці плакалі вы над нейкай кнігай апошнім часам?

Ня маю такой звычкі — плакаць над кнігаю. Фільм гляджу ці нейкую сьлёзную перадачу — магу раптам і сам пусьціць сьлязу. А каб падчас чытаньня заплакаць — не, такога нават не ўяўляю…

Якая кніга вас раззлавала ці расчаравала?

Калі кніга не падабаецца, не злуюся, а скарыстоўваюся законным правам адкласьці яе ўбок. З расчараваньняў самае відавочнае (з гадоў студэнцтва) — Гертруда Стайн. З айчыннае літаратуры — дзёньнікі Коласа, на мой погляд, — надта ж ужо стэрыльныя, як для асобы гэткага маштабу. Раман Місімы «Залаты храм» «не пайшоў», гэтаксама — проза Астурыяса. Напэўна, не маё. Малевіч у лістах засмуціў прымітыўнасьцю афармленьня думак. Пра такія хваравітыя зьявы пісьменства, як проза Ніжынскага, і казаць не выпадае.

Якія літаратурныя жанры вы не чытаеце?

Раманы жахаў. Кепска ўспрымаю творы, зробленыя ў выглядзе ліставаньня пэрсанажаў. Хаця чытаць самыя ліставаньні вельмі люблю.

Нічога новага на сьвеце?

Як вы любіце чытаць — на паперы ці з электроннай чыталкі? Адну кнігу ці некалькі паралельна? Раніцай ці вечарам?

Толькі на паперы, хаця сам ад рукі асадкаю наогул ніколі нічога не пішу, апроч кантычак для памяці. Магу адну чытаць, магу — некалькі паралельна, але апошняе толькі тады, калі кнігі пад рукою — розных жанраў. А раніца, поўдзень, надвячорак ці нават ноч — для мяне як для чытача ня мае значэньня.

Вы ведаеце, дзе якая кніга ў вас стаіць або ляжыць? Як вы ўпарадкоўваеце свае кнігі?

Не заўсёды ведаю. Здараецца так, што падчас пошукаў нейкага выданьня перацярэбіш усё ў шафе, а натыкнесься на патрэбнае толькі напрыканцы. А то і праз тыдзень або два, калі ўжо няма ў той кніжцы патрэбы.

Якія кніжныя знаходкі на вашых паліцах маглі б моцна зьдзівіць вашых знаёмых?

Зьдзівіць — бадай, занадта гучна для такога сьціплага кнігазбору, як мой. Напэўна, усё-такі лепш — зацікавіць. Кагосьці — магло б, напэўна, прывабіць адносна старое выданьне Норвіда. Кагосьці — малафарматныя кніжачкі з сэрыі «Бібліятэка часопіса «Замежная літаратура». Кагосьці — выданьне пачатку мінулага стагодзьдзя (па-польску) «Шубраўцы ў Вільні (1817–1822)» Ю. Бяліньскага.

Які найлепшы кніжны падарунак вы атрымалі?

У сярэдзіне 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя нечакана — ад адной

з партфункцыянэрак Верхнядзьвінскага райкама. Тады першымі, хто мог трапіць у кнігарню адразу па паступленьні новай літаратуры, былі прадстаўнікі мясцовых уладных структураў. Выграбуць больш-менш каштоўнае, а люду паспалітаму — што застанецца. І вось неяк праз два дні пасьля гэткага «выграбаньня» на паліцы сярод іншага нечакана — том «Філязофскіх аповесьцяў» Вальтэра. Аказваецца, райкамаўская дама надоечы схапіла, прынесла дадому, а там ужо ў шафе — гэткі ж стаіць. Панесла назад у краму: «Вазьміце гэтага „Вольтэра“, навошта мне два».

Другі падарунак- беларускі малітоўнік лацінкаю 1937 года — быў ад швагравай цёткі, падораны ёй напярэдадні вайны Язэпам Малецкім.

А трэці я сам сабе днямі зрабіў. Павыдзіраў з даўнейшых нумароў розных часопісаў творы некаторых аўтараў, зрабіў самаробныя пераплёты — і атрымаліся сымпатычныя такія, кампактныя кніжачкі. Дзёньнікі Караткевіча, Малерба, Энцэнсбэргера, для блізіру — цалкам «Уліс» з падрабязнымі тлумачэньнямі сюжэтаў кожнай часткі, перапіска Набокава і інш. І танна, і сярдзіта, і вольнага месца для новых выданьняў па шафах паболела.

Ваш улюбёны кніжны герой/антыгерой або кніжная гераіня/антыгераіня?

Няма такога.

Вы шмат чыталі ў дзяцінстве? Якія кніжкі зь дзяцінства засталіся ў вашай памяці назаўсёды?

Сыстэматычна чытаць пачаў толькі з 17-гадовага ўзросту. Так што ўся дзіцячая літаратура, апроч той, што трэба было чытаць паводле школьнае праграмы, засталася наўзбоч. Чаму — асобная тэма, разважаць на якую было б занадта доўга.

Калі б вы маглі прымусіць прэзыдэнта Беларусі прачытаць нейкую кнігу, што гэта было б?

Прымушаць — не прымушаў бы, а, мабыць, параіў бы. Параіў бы, як і хтосьці ўжо да мяне ў гэтай рубрыцы, «Доўгую дарогу дадому». Як на мой погляд, дык гэта тая кніга, якая найбольш поўна адлюстроўвае маштаб постаці Быкава як асобы і грамадзяніна.

Каго з трох сучасных або памерлых пісьменьнікаў вы хацелі б запрасіць на прыватную літаратурную вечарыну?

Хіба што Чэхава — каб спраўдзіць, наколькі мне дадзена здольнасьць займець дакладнае ўяўленьне пра аўтара па прачытаньні ягоных твораў.

Каго б вы хацелі мець як свайго біёграфа?

Не ведаю.

Што вы перачытваеце?

Даволі часта — апавяданьні Чорнага, творы і лісты Чэхава, «Алхімію слова» Парандоўскага, «Мастацтва слова» Моэма, розныя нарысы з гісторыі крыміналістыкі, штогод абавязкова — «Сяло Сьцяпанчыкава і яго насельнікі». Час ад часу — урыўкі з «Эпізодаў» Кіпеля, «Россыпаў» Акулы, «Дэрсу Ўзала», вершы сучасных айчынных паэтаў і шмат што яшчэ — залежыць ад настрою. Люблю гартаць кніжкі з сэрыі «Паліца бібліяфіла», біяграфіі мастакоў, музыкаў, людзей навукі, выданьні па мастацтве, архітэктуры і інш. Наогул, чытанае раней калі не перачытваць, дык хаця б гартаць (хаця і даўно ўжо зрабіў выснову пра тое, які гэта непрадуктыўны заменьнік жыцьця — чытаньне) люблю.

Што вы плянуеце прачытаць у бліжэйшым часе?

Пакуль што нічога не пляную. Трэба даводзіць да ладу ўласную новую кніжку, а чытаньне чужога часам надта ж расхалоджвае.

Літанкета Свабоды: Франц Сіўко

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG