Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдат у Вярхоўны суд ЗША адхіліў у Сэнаце абвінавачаньні ў дамаганьнях


Брэт Кавана

Кандыдат у Вярхоўны суд ЗША Брэт Кавана на слуханьнях у Сэнаце адхіліў абвінавачаньні ў згвалтаваньні. Некалькі жанчын абвінавацілі яго ў дамаганьнях на адной са студэнцкіх вечарынак у пачатку 1980-х гадоў.

Выступаючы ў Сэнаце, Кавана заявіў, што не прысутнічаў на вечарыне, пра якую казалі меркаваныя ахвяры гвалту. Юрыст расказаў, дзе ён быў у той ўікэнд, прывёў даты і імёны сяброў, зь якімі бавіў час.

На слуханьнях таксама дала паказаньні адна з жанчын якія абвінавацілі Кавана — Крысьцін Блэзі Форд. Пры гэтым сам кандыдат у Вярхоўны суд ЗША заявіў, што ня памятае, каб сустракаўся з Форд на якой-небудзь вечарыне.

Белы дом таксама адмаўляе абвінавачаньні на адрас Кавана, называючы іх спробай дэмакратаў сарваць прызначэньне судзьдзі, вядомага сваімі кансэрватыўнымі поглядамі. Лідэр рэспубліканскай большасьці ў Сэнаце Міч Маконэл паведаміў, што галасаваньне ў камітэце па зацьвярджэньні кандыдатуры Кавана адбудзецца ў пятніцу.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп унёс кандыдатуру Кавана пасьля адстаўкі судзьдзі Энтані Кенэдзі. Дэмакраты асьцерагаюцца, што, калі Кавана стане судзьдзём Вярхоўнага суду, балянс сіл у судзе зьменіцца на карысьць кансэрватараў. Канчатковае галасаваньне ў Сэнаце па зацьвярджэньні судзьдзі можа адбыцца на наступным тыдні.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG