Лінкі ўнівэрсальнага доступу

145 краінаў сьвету падтрымалі плян падвышэньня эфэктыўнасьці міратворцаў ААН


Падразьдзяленьне міратворцаў
Падразьдзяленьне міратворцаў

Міратворчым сілам ААН, якія налічваюць прыкладна 100 тысяч чалавек, даводзіцца працаваць у зьменлівых і складаных умовах. З улікам гэтага 145 краінаў ухвалілі плян дзеяньняў, закліканых зрабіць міратворчыя апэрацыі больш магутнымі і гнуткімі, паведамляе «Голас Амэрыкі».

«Блакітныя каскі» сутыкаюцца з усё больш складанымі канфліктамі, шматлікімі неспрыяльнымі фактарамі, тупіковымі палітычнымі працэсамі і транснацыянальнай арганізаванай злачыннасьцю, — заявіў генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш падчас паседжаньня Генасамблеі. — У той жа час я разумею, што яны сутыкаюцца з яшчэ больш фундаментальным выклікам, а менавіта разрывам паміж іхнымі памкненьнямі і рэальнасьцю».

Ад таго часу, як у 1948 годзе першыя міратворцы ААН былі накіраваныя на Блізкі Ўсход, каб назіраць за выкананьнем замірэньня паміж Ізраілем і ягонымі арабскімі суседзямі, «блакітныя каскі» узялі ўдзел у больш як 70 місіях па ўсім сьвеце.

Міратворцы ў Конга
Міратворцы ў Конга

Аднак характар канфліктаў з часам мяняецца, і міратворцам даводзіцца ўлічваць новыя выклікі, працаваць над зьніжэньнем стратаў і падвышэньнем эфэктыўнасьці. У прыватнасьці, удасканальваюцца захады бясьпекі і камандная структура.

«Міратворчасьць па-ранейшаму зьяўляецца найважнейшым інструмэнтам нашай калектыўнай бясьпекі, — адзначыў прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон. — Міратворчая дзейнасьць у тым выглядзе, як мы яе задумвалі, практыкавалі і падтрымлівалі, сёньня падыходзіць да канца свайго цыклю».

Падчас паседжаньня адзначалася, што сучасны сьвет застаецца сьведкам новых канфліктаў, якія доўжацца гадамі і зь цяжкасьцю паддаюцца ўрэгуляваньню.

Міратворчыя місіі часта накіроўваюцца ў краіны са слабымі палітычнымі пагадненьнямі, што ўскладняе працу міратворцаў і падаўжае неабходнасьць у іх прысутнасьці.

Акрамя таго, самі міратворцы становяцца мішэнямі ў канфліктах — ад пачатку гэтага году загінула больш за 60 чалавек.

ААН ажыцьцяўляе 14 місій на чатырох кантынэнтах з гадавым бюджэтам амаль 7 мільярдаў даляраў. Пры гэтым місіі адчуваюць пастаянны недахоп тэхнікі, а якасьць падрыхтоўкі салдатаў і афіцэраў пакідае жадаць лепшага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG