Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Азэрбайджан пагражае зьбіваць армянскія самалёты над Карабахам


Прэм'ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян у Нагорным Карабаху, 18 верасьня 2018 году
Прэм'ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян у Нагорным Карабаху, 18 верасьня 2018 году

Азэрбайджан назваў ініцыятыву армянскіх сілаў па правядзеньні вайсковых вучэньняў у Нагорным Карабаху як «правакацыю, накіраваную на рост напружанасьці».

Падразьдзяленьні Арміі абароны Нагорнага Карабаху 25-28 верасьня праводзяць вучэньні. У гэтай сувязі Міністэрства абароны Азэрбайджану распаўсюдзіла заяву, у якой гаворыцца, што «любы самалёт суперніка, які паспрабуе наблізіцца да перадавых пазыцыяў падразьдзяленьняў азэрбайджанскай арміі, будзе неадкладна нэўтралізаваны».

Паводле азэрбайджанскага Мінабароны, «уся адказнасьць за магчымыя страты будзе цалкам ляжаць на вайскова-палітычным кіраўніцтве Армэніі».

Заходнія інфармацыйныя агенцтвы спасылаюцца на камандзіраў Карабахскіх сіл, якія заявілі, што «ў выпадку пагрозы з боку Ўзброеных сіл Азэрбайджану яны без ваганьняў дадуць адказ».

Нагорны Карабах, населены пераважна армянамі, абвясьціў аб выхадзе з складу Азэрбайджану ў 1991 годзе. Гэта прывяло да ўзброенага канфлікту, падчас якога Азэрбайджан страціў кантроль над тэрыторыяй.

Армэнія і Азэрбайджан рэгулярна вінавацяць адно аднаго ў парушэньні рэжыму спыненьня агню на мяжы самаабвешчанай рэспублікі. Перамовы на міжнародным узроўні з удзелам так званай Менскай групы АБСЭ, якія выступаюць пасярэднікамі на перамовах паміж Баку і Ерэванам, не прывялі да вырашэньня канфлікту.

Нядаўна Азэрбайджан абвінаваціў кіраўніцтва Армэніі ў распальваньні напружанасьці наперадзе заплянаванай сустрэчы паміж міністрамі замежных спраў дзьвюх краін у кулюарах Генэральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку 26 верасьня.

«Мы не выключаем, што апошнія крокі новага прэм’ер-міністра Армэніі накіраваныя на ператварэньне сытуацыі ў ваеннае супрацьстаяньне», — сказаў міністар замежных спраў Азэрбайджану Эльмар Мамэд’яраў 25 верасьня.

Выступаючы на сустрэчы з армянскімі бізнэсоўцамі ў Маскве прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян заявіў 9 верасьня, што ён бачыць Карабах «часткай Армэніі» ў будучыні.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG