Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ганна Канапацкая расказала пра свае прэзыдэнцкія амбіцыі


Ганна Канапацкая
Ганна Канапацкая

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая 25 верасьня адказала на пытаньне карэспандэнта Свабоды пра магчымы яе ўдзел у наступных прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі.

«Я, калі толькі пачынала сваю палітычную кар’еру, выбрала для сябе добра вядомы дэвіз: „Кепскі той салдат, які ня марыць стаць генэралам“. А што такое „генэрал“ у беларускіх палітычных рэаліях? Зразумела, гэта прэзыдэнт», — адказала Ганна Канапацкая.

«Аднак сёньня пакуль я не магу адназначна і дакладна заявіць аб сваім удзеле ў прэзыдэнцкай кампаніі», — дадала дэпутатка.

Што бянтэжыць Канапацкую?

Ганна Канапацкая кажа, што галоўная рэч, якая пакуль стрымлівае яе ад абвяшчэньня старту сваёй выбарчай кампаніі — гэта няўпэўненасьць, што яна здолее сабраць 100 тысяч подпісаў выбарнікаў у сваю падтрымку.

«Дэпутат Палаты прадстаўнікоў ня мае ніякіх прывілеяў у параўнаньні зь іншымі ўдзельнікамі прэзыдэнцкай кампаніі. Мне таксама трэба будзе сабраць 100 тысяч подпісаў. І тут узьнікае пытаньне: хто мне ў гэтым дапаможа? Фармальна я сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Але ніякай упэўненасьці, што партыя мне дапаможа, у мяне няма. І нават калі б уся партыя раптам падтрымала маю кандыдатуру, гэта становішча прынцыпова не мяняе.

Я добра памятаю апошнія прэзыдэнцкія выбары, калі зьбіралі галасы за лідэра АГП Анатоля Лябедзькі. Вынік той кампаніі вядомы — усе разам сабралі толькі каля паловы неабходных подпісаў», — патлумачыла Ганна Канапацкая.

Наступныя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі чакаюцца ў 2020 годзе. На сёньня аб сваім удзеле ў гэтых выбарах заявіў першы намесьнік старшыні ЛДПБ Алег Гайдукевіч.

Пасьля 1994 году, калі ўпершыню быў выбраны прэзыдэнтам Аляксандар Лукашэнка, ніводныя выбары ў Беларусі не прызнаваліся міжнароднымі назіральнікамі свабоднымі і справядлівымі.

Многія апазыцыйныя кандыдаты на прэзыдэнцкіх выбарах у 2006 і 2010 гадах завяршылі перадвыбарчую кампанію ў турмах. Толькі аднойчы, у 2015 годзе, у прэзыдэнцкіх выбарах брала ўдзел жанчына — Тацяна Караткевіч з грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG