Больш за 50 самалётаў, у тым ліку звышгукавы бамбавік Ту-22М3, і каля дзесяці караблёў Чарнаморскага флёту возьмуць удзел у вучэньнях на поўдні Расеі і анэксаванага Крыму. Пра гэта у панядзелак, 24 верасьня, заявіў начальнік прэс-службы Паўднёвай вайсковай акругі Расеі Вадзім Астаф’еў.
«У сумесных вучэньнях возьмуць удзел больш за тысячу вайскоўцаў аб’яднаньня (4-й арміі ВПС і супрацьпаветранай абароны) і будзе задзейнічана больш за 50 самалётаў далёкай, апэратыўна-тактычнай, штурмавой авіяцыі, у тым ліку самалёт далёкага радыёлякацыйнага выяўленьня і кіраваньня А50, звышгукавы ракетаносец-бамбавік Ту-22М3, а таксама каля дзесяці караблёў Чарнаморскага флёту», — цытуе Астаф’ева дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва Расеі ТАСС.
Навучаньне ў анэксаваным Крыме працягнецца тыдзень. У прыватнасьці, эскадрыльлі зьнішчальнікаў Су-30см і бамбавікоў Су-34 прыменяць ракеты і бомбы супраць умоўных цэляў у раёне палігонаў Апук і Чаўда.
Пасьля анэксіі Крыму ў 2014 годзе фактычныя расейскія ўлады рэгулярна праводзяць вайсковыя вучэньні на паўвостраве. У Генэральным штабе Ўкраіны дзеяньні расейскіх вайскоўцаў на паўвостраве лічаць незаконнымі.
Міжнародныя арганізацыі прызналі анэксію Крыму незаконнай і асудзілі дзеяньні Расеі, краіны Захаду ўвялі супраць яе эканамічныя санкцыі. Расея адмаўляе анэксію паўвострава і называе гэта «аднаўленьнем гістарычнай справядлівасьці». Вярхоўная Рада Ўкраіны афіцыйна абвясьціла датай пачатку часовай акупацыі Крыму і Сэвастопалю Расеяй 20 лютага 2014 году.