Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Швайцарцы на рэфэрэндуме адхілілі прапановы наконт якасьці ежы і абароны фэрмэраў, але ўхвалілі роварныя сьцежкі


Выбарнікі ў Швайцарыі пераважнай большасьцю галасоў адхілілі на рэфэрэндуме ў нядзелю дзьве ініцыятывы што да этычнай і натуральнай ежы.

Папярэднія прагнозы сьведчаць, што абедзьве прапановы былі адхіленыя больш як 60% галасоў, паведамляе BBC.

Гэтыя прапановы былі накіраваныя на паляпшэньне мясцовай сельскай гаспадаркі і распаўсюджваньне больш натуральнай прадукцыі. Аднак праціўнікі ініцыятываў, у тым ліку кіраўнікі бізнэсу і ўрад, раілі людзям галасаваць супраць, паколькі гэтыя ініцыятывы вялі да павышэньня коштаў і звужэньня выбару прадуктаў, а таксама рэзкай рэакцыі з боку замежных партнэраў.

Першая прапанова патрабавала большай урадавай падтрымкі для натуральнай прадукцыі, якая не аказвала б дрэннага ўзьдзеяньня на жывёлаў, а таксама больш дэталёвай маркіроўкі на ўпакоўцы, каб людзі ведалі, што яны спажываюць.

Яна таксама заклікала да памяншэньня прадуктовых адкідаў і патрабавала, каб імпартная прадукцыя адпавядала швайцарскім стандартам — для гэтага швайцарскія інспэктары павінны былі б правяраць замежных пастаўшчыкоў на адпаведнасьць швайцарскім патрабаваньням.

Другая ініцыятыва патрабавала значна большай дзяржаўнай падтрымкі мясцовых фэрмэрскіх гаспадарак, павышэньня тарыфаў на імпарт прадуктаў харчаваньня і замежнай прадукцыі, якая не адпавядае швайцарскім стандартам.

Першапачаткова выбаршчыкі падтрымлівалі прапановы, аднак у канцы кампаніі перад рэфэрэндумам яны зьмянілі меркаваньне, прыняўшы пад увагу перасьцярогі ад ураду, што прапанаваныя захады немагчыма выканаць. Да таго ж гандляры харчаваньнем папярэдзілі, што гэта прывядзе да значнага павышэньня коштаў.

Акрамя таго, швайцарцы галасавалі ў нядзелю па трэцім пытаньні — разьвіцьцю сеткі роварных сьцежак. Больш за 70% падтрымалі ідэю ўнесьці ў Канстытуцыю разьвіцьцё роварнай мабільнасьці ў якасьці прыярытэту ў працы швайцарскіх уладаў. У Канстытуцыі Швайцарыі ўжо ёсьць палажэньне аб неабходнасьці сыстэмнай падтрымкі і пасьлядоўнага разьвіцьця нацыянальнай сеткі пешых i турыстычных маршрутаў.

Паводле сусьветнага рэйтынгу шчасьця ў сьвеце Швайцарыя ўваходзіць у першую дзясятку самых шчасьлівых краінаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG