Прэмʼер-міністар Кыргызстану вызваліў з пасады намесьніцу міністра працы і сацыяльнага разьвіцьця Зууракан Кадэнаву, паведаміла прэс-служба ўраду краіны.
Раней дэпутатка парлямэнту краіны Аіда Ісмаілава на сваёй старонцы ў Фэйсбуку распавяла, што пасажыраў рэйсу Сэул-Алматы зьнялі з-за таго, што пэрсанал ня змог вывесьці з самалёту «высокапастаўленую чыноўніцу ў стане моцнага алькагольнага апʼяненьня».
Пасол Кыргызстану ў Паўднёвай Карэі Кылычбек Султанаў пацьвердзіў, што бортправаднікі спрабавалі зьняць з рэйсу Кадэнаву, паведамляе радыё «Азатык». Паводле яго, з-за гэтага інцыдэнту экіпажу прыйшлося затрымаць рэйс і правесьці паўторную рэгістрацыю.
«Авіякампанія Air Astana ўнесла яе ў „чорны сьпіс“, таму складана знайсьці квіток у іншых авіякампаніях. Паводле нашай інфармацыі, яна зь яшчэ двума супрацоўнікамі прыляцелі ў Сэул на вучобу, — распавёў Султанаў. — У дыпляматычную місію паступіў тэлефонны званок з просьбай аказаць садзейнічаньне. Камандзір экіпажу прыняў рашэньне зьняць з борта пасажырку Зууракан Кадэнаву пасьля канфлікту».
Пасьля таго, як інфармацыя з Сэулу трапіла ў дыпляматычнае прадстаўніцтва Кыргызстану і прэсу, прэзыдэнт краіны даў асабістае даручэньне прэмʼер-міністру разабрацца з інцыдэнтам.