Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Папа Францішак згадаў у Вільні пра беларусаў


Папа Францішак у Вільні, 22 верасьня 2018. Надпіс на расьцяжцы справа - “Беларусь чакае папу”

Падчас сустрэчы ў літоўскай сталіцы з кіраўніком дзяржавы Даляй Грыбаўскайце Папа Рымскі Францішак, аддаючы даніну рэлігійнай і нацыянальнай талерантнасьці ў краіне, пералічыў этнасы ў складзе Літоўскай Рэспублікі, не забыўшыся і пра беларусаў.

У сваёй прамове па выніках сустрэчы пантыфік падзякаваў літоўцам за гасціннасьць, згадваў няпростую гісторыю гэтай балтыйскай краіны і запэўніў у заўсёднай падтрымцы з боку Ватыкану, піша catholic.by.

«Я хацеў бы вітаць увесь літоўскі народ, які адкрывае сёньня дзьверы свайго дома. Усім вам адрасую сваю любоў і шчырую ўдзячнасьць, — заявіў пантыфік. — Гэты візыт адбываецца ў важны момант, калі літоўскі народ сьвяткуе 100-годзьдзе незалежнасьці. Гэта быў час вялікага цярпеньня. Ваш народ мае моцную душу, якая зрабіла магчымым гэтае адраджэньне».

Паводле папы Францішка, на працягу ўсёй гісторыі Літва аб’ядноўвала на сваёй тэрыторыі людзей розных этнасаў і рэлігій і вылучалася зычлівасьцю. Ён падкрэсьліў, што ўсе знайшлі на гэтых землях месца для жыцьця: літоўцы, татары, палякі, рускія, беларусы, украінцы, армяне, немцы; каталікі, праваслаўныя, пратэстанты, стараверы, мусульмане, яўрэі.

Пасьля сустрэчы з кіраўніцтвам Літвы папа наведаў Вострую Браму, дзе памаліўся і выступіў з прамовай. Пасьля прыехаў на Катэдральны пляц, дзе заслухаў сьведчаньні моладзі і сам выступіў з прамовай, звернутай да моладзі, дзе сярод іншага сказаў:

«Не забывайцеся на карані свайго народу, думайце пра мінулае, размаўляйце са старэйшымі людзьмі. Гэта — ня штосьці непрыемнае. Ідзіце, шукайце старэйшых людзей, і няхай яны раскажуць вам пра карані вашага народу. Няхай раскажуць пра радасьць, цяжкасьці, выпрабаваньні. Ведаючы свае карані, вы можаце працягнуць свой народ наперад, каб ён стаў вялікім народам».

У нядзелю пантыфік правядзе багаслужбу ў ковенскім парку Сантакас, а ў другой палове дня вернецца ў Вільню, наведае помнік ахвярам Віленскага гета, а таксама ўшануе памяць ахвяраў савецкага рэжыму ў Музэі акупацыяў і барацьбы за свабоду.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG