Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«З гледзішча Масквы, беларускі саюзьнік разбэсьціўся»


Аляксандар Лукашэнка пасьля сёлетняга збору бульбы і кавуноў
Аляксандар Лукашэнка пасьля сёлетняга збору бульбы і кавуноў

Як можна ацаніць вынікі сустрэчы ў Сочы кіраўніцтва Беларусі і Расеі? Якія стратэгічныя супярэчнасьці, якіх ня могуць разьвязаць кіраўнікі дзьвюх дзяржаў, застаюцца ў адносінах Масквы і Менску?

Гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Праскі акцэнт» абмяркоўваюць кіраўнік беларускага Цэнтру стратэгічных і зьнешнепалітычных дасьледаваньняў Арсені Сівіцкі, рэдактар аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі і аглядальнік Свабоды Юры Дракахруст. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.

Цяперашнія дамоўленасьці могуць быць перагледжаныя ўжо на пачатку наступнага году

Цыганкоў: Аляксандар Лукашэнка разьлічвае на вырашэньне да канца 2018 году ўсіх спрэчных пытаньняў, якія стаяць на беларуска-расейскім парадку дня. Пра гэта ён заявіў у Сочы на пачатку перамоваў з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным.

«Мне кіраўнік нашага ўраду дакладваў пасьля сустрэчы з прэм’ер-міністрам Расеі: вельмі цікавыя ёсьць выхады на рашэньне многіх момантаў, — адзначыў Аляксандар Лукашэнка. — І калі мы будзем рухацца ў гэтым кірунку, я ўпэўнены, што да канца году практычна ўсе пытаньні разьвяжам».

Якія шанцы на тое, што гэтая сустрэча хаця б на пэўны час расставіць кропкі над «і» ў некаторых спрэчных момантах беларуска-расейскіх адносін?

Арсені Сівіцкі
Арсені Сівіцкі

Сівіцкі: Ня варта чакаць, што будуць вырашаныя асноўныя пытаньні. Так ужо бывала раней, што, нягледзячы на дамоўленасьці, дасягнутыя паміж кіраўнікамі Беларусі і Расеі, — зноў адбываліся новыя крызісы ў адносінах. Тым болей што цяпер замежнапалітычныя і, адпаведна, эканамічныя ўмовы для Расеі істотна пагоршацца з прычыны заходніх санкцыяў. А гэта азначае, што цяперашнія дамоўленасьці могуць быць перагледжаныя ўжо на пачатку наступнага году.

Расея рыхтуецца да істотнага пагаршэньня ўнутрыэканамічных умоваў, то бок рэсурсы, якімі Расея магла б падтрымаць Беларусь, скарачаюцца. Па-другое, ёсьць і даволі сур’ёзныя палітычныя супярэчнасьці паміж Менскам і Крамлём. Масква ўсхваляваная тым, што Беларусь інтэнсіўна нармалізуе адносіны з Захадам, узмацняе стратэгічнае партнэрства з Кітаем. Тут крамлёўскія стратэгі бачаць рызыкі страты свайго ўплыву ў Беларусі. Таму варта чакаць, што Крэмль будзе патрабаваць ад беларускага боку гарантыяў, якія б ахоўвалі пазыцыі Расеі ў Беларусі. Але тыя саступкі, якія прапануе Крэмль, якія тычацца вайскова-палітычнай сфэры, ня могуць быць прынятыя беларускім бокам.

«З гледзішча Масквы, беларускі саюзьнік разбэсьціўся»

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі

Класкоўскі: Сама фраза Лукашэнкі, што ён спадзяецца «ўсе праблемы» зьняць да канца году — яна нерэалістычная. Увогуле, аўтарытарныя кіраўнікі — яны прававыя нігілісты, і тут таксама закладзена вялікая супярэчнасьць. Беларусь, у адрозьненьне ад Расеі, не імпэрыя, і беларусы ня хочуць залазіць у акоп халоднай вайны з Захадам. Як бачым, тут эканамічныя і палітычныя супярэчнасьці сплятаюцца, і ня будуць яны разьвязаныя.

Канфлікты паміж Менскам і Масквой ідуць цыклямі. Разьвяжуць адзін канфлікт — пачынаецца новы. Пасьля няўдалай сочынскай сустрэчы, якая выглядала нават прыніжальна для беларускага кіраўніка, якога Пуцін прыняў хвілін на 30 паміж катаньнем на яхце і турнірам па самба, — тады і прагучала, што сустрэнемся пазьней. Цяпер ужо па танальнасьці ўступнага слова Пуціна можна меркаваць, што Расея гатовая ісьці на пэўныя кампрамісы.

Цыганкоў: Можна прагназаваць, што для публікі будзе выдадзеная самая «аптымістычная» вэрсія вынікаў сустрэчы — іначай бы яна проста не адбылася ў такім пашыраным фармаце?

Класкоўскі: Так, безумоўна. Ёсьць загатоўкі, і па шэрагу пытаньняў вастрыня супярэчнасьцяў будзе зьнятая. Але ж бакі па-рознаму разумеюць саму «інтэграцыю». Многія мэханізмы субсыдыяў вельмі непразрыстыя, і вакол гэтага зноў будзе ісьці вялікая барацьба.

Відавочна, што ў Крамлі прынятая стратэгія пасадзіць беларускага партнэра калі не на галодны паёк, дык на дыету. І, зь іншага боку, стражэй патрабаваць зь яго. Бо, з гледзішча Масквы, разбэсьціўся беларускі саюзьнік. Бо з Захадам у свае гульні гуляе. Гэтыя імпэрскія фобіі і прэтэнзіі Пуцін ніколі перад камэрамі ня выкажа, але ўсё гэта прысутнічае і стварае напружанасьць у двухбаковых дачыненьнях.

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Дракахруст: Вырашэньне ўсіх гэтых пытаньняў — гэта кампраміс. У тым сэнсе, што ніводзін бок не атрымае ўсяго, што хоча, але і капітуляцыя кагосьці малаімаверная.

Лукашэнка кажа, што «мы да канца году ўсё вырашым». Але з гэтай фразы вынікае, што ён мала спадзяецца на сёньняшнюю сустрэчу. Другі момант — фраза, якая прагучала з вуснаў Пуціна: «мы зьверым гадзіньнікі». Яны месяц таму сустракаліся — што з гадзіньнікамі здарылася ад жніўня? Яшчэ адна дэталь — Пуцін спазьніўся на 2 гадзіны. Нават для Пуціна гэта шмат. Гэта ў пэўным сэнсе стаўленьне. Магчыма, гэта адказ на тое, што Лукашэнка мінулым разам у Сочы не пайшоў на матч па самба.

І зараз мы глядзім, што сустрэча цягнецца ўжо больш за 3 гадзіны. Так што відаць, што размова сур’ёзная.

Крамлёўскія стратэгі імкнуцца перанесьці ўсе тыя нарматывы, якія Крэмль ужываў адносна Ўкраіны, на Беларусь

Цыганкоў: Апошнім часам Масква зьмяніла пэўныя падыходы да Беларусі. Ужо ня толькі маргінальная, але і статусная расейская прэса піша ўсё часьцей крытычныя артыкулы на адрас беларускіх уладаў. Ці сьведчыць гэта пра нейкія працэсы і зьмены ў падыходах Масквы да беларускай тэматыкі?

Сівіцкі: Сапраўды, як мінімум ад 2015 году мы фіксуем зьмену і ў рыторыцы, і ў паводзінах Расеі адносна Беларусі. Масква пераглядае свае абавязкі згодна з так званай стратэгічнай дамовай, якую Беларусь і Расея заключылі ў сярэдзіне 90-х. Калі коратка, то сутнасьць гэтай дамовы была ў тым, што Беларусь адмаўляецца ад інтэграцыі ў эўраатлянтычныя структуры, абараняе Расею на заходнім кірунку, прымае ўдзел у працэсах інтэграцыі на постсавецкай прасторы. А за гэта атрымлівае льготныя кошты на энэрганосьбіты, доступ на расейскі рынак і фінансава-крэдытную дапамогу.

З 2015 году Расея мяняе фармат гэтых адносін. Цяпер, па сутнасьці, крамлёўскія стратэгі імкнуцца перанесьці ўсе тыя нарматывы прапаганды, якія Крэмль ужываў адносна Ўкраіны, на Беларусь.

Зь іншага боку, з дапамогай зьмены ў рыторыцы Крэмль шле сыгнал Лукашэнку, каб ускосна ўплываць на тыя ці іншыя крокі беларускіх уладаў. Як паказваюць інтэрвію Лукашэнкі, ён усе гэтыя сыгналы адсочвае і ўлічвае.

«Для Масквы лепей мець справу з Лукашэнкам, чым заварваць у Беларусі нейкую кашу»

Цыганкоў: Калі Лукашэнка і беларуская ўлада ўсё гэта бачаць — наколькі адэкватны іхні адказ на гэта?

Класкоўскі: Безумоўна, Менск усё гэта асэнсоўвае і спрабуе нешта зрабіць. У эканоміцы ставяць задачу дывэрсыфікацыі, але яна пакуль ня вельмі атрымліваецца. Калі браць палітыку, дык, сапраўды, апошнія гады Лукашэнка добра ўклаўся ў нармалізацыю адносін з Захадам, і пэўныя дасягненьні тут ёсьць. Але прысутнічаюць тут і «чырвоныя рысы», бо Лукашэнка сам мэнтальна чужы Эўропе, дэмакратызацыі тут ня будзе, і на сёньня дачыненьні з Захадам уперліся ў нейкую нябачную, але выразную мяжу. Таму зноў даводзіцца езьдзіць на паклон да рускага цара. У выніку спробы дыстанцыявацца ад Масквы ня вельмі атрымліваюцца менавіта праз спэцыфіку палітычнага рэжыму Беларусі.

Цыганкоў: Масква гэта бачыць? Бачыць тое, што Лукашэнку асабліва няма куды падзецца, і выкарыстоўвае гэта?

Класкоўскі: Безумоўна. Таму ўсе гэтыя страшылкі ня надта пераканаўчыя. Маўляў, Крэмль вырашыў валіць Лукашэнку, шукаць іншага чалавека, больш паслухмянага. Гэтыя страшылкі ня маюць пад сабой глебы зь дзьвюх прычын. Па-першае, у Крамлі разумеюць, што так проста Лукашэнку не скалупнеш, ня скінеш. Па-другое — а навошта? Пры тым, што характар у Лукашэнкі ня самы рахманы, яго вывучылі, ведаюць, што ён ніколі не пераступіць нейкіх рысаў.

Для Масквы лепей мець справу з Лукашэнкам, чым заварваць у Беларусі нейкую кашу. Бо калі стварыць тут нейкі хаос, то ён можа стаць некіраваным. А ў Масквы хапае галаўных боляў і безь Беларусі.

Дракахруст: Я хутчэй згодны з Аляксандрам. Нейкай кардынальнай прынцыповай зьмены крамлёўскай лініі я ня бачу. Такой, што «мы пачынаем, мы сталі на рэйкі, як танк». Характэрная была сытуацыя са зборнікам пад эгідай МГИМО. Публікацыя была, але потым яе вельмі хутка зьнялі.

Няма лініі «зьняць Лукашэнку». Няма нават жорсткай пасьлядоўнай лініі Масквы ў эканамічных пытаньнях. Так, ёсьць пэўныя штабныя пляны, але штабы распрацоўваюць пляны вайны з усімі. У СССР былі створаныя пляны захопу Францыі, але сам СССР раней разваліўся.
Так, ёсьць зьмены настрою, ёсьць даволі моцнае раздражненьне ў Маскве, але сказаць, што гэта вылілася ў пэўную стройную пасьлядоўную канцэпцыю, якая праводзіцца незалежна ні ад чога — я б так не сказаў.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG