Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь стала назіральніцай у Лацінаамэрыканскім парлямэнце, каб разьвіваць гандаль


Падчас сустрэчы намесьніка Старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляслава Пірштука са старшынёй Лацінаамэрыканскага парлямэнту Эліясам Кастылья
Падчас сустрэчы намесьніка Старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляслава Пірштука са старшынёй Лацінаамэрыканскага парлямэнту Эліясам Кастылья

Менск упершыню наведаў старшыня Лацінаамэрыканскага парлямэнту. Падставай стала прыняцьцё ў 2016-м годзе Нацыянальнага сходу Беларусі ў склад гэтай арганізацыі са статусам назіральніка.

«Ёсьць краіны, якія месьцяцца за межамі Лацінскай Амэрыкі, але ўдзельнічаюць у працы нашага парлямэнту, — заявіў яго старшыня Эліяс Кастылья. — Напрыклад, Кітай ці Марока. А паколькі сярод такіх краін ёсьць і Беларусь, то мы вырашылі яе наведаць».

Баляслаў Пірштук (зьлева) і Эліяс Кастылья
Баляслаў Пірштук (зьлева) і Эліяс Кастылья

Намесьнік старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляслаў Пірштук адзначыў, што лацінаамэрыканскі рэгіён цяпер хутка разьвіваецца.

«У Беларусі ўжо ёсьць пэўны досьвед супрацы зь некаторымі краінамі. Напрыклад, нашы нафтавікі шукаюць „чорнае золата“ ў Эквадоры, будаўнікі ўзводзяць дамы ў Вэнэсуэле. Але хацелася б большага. І таму ёсьць жаданьне менавіта праз Лацінаамэрыканскі парлямэнт пашырыць сваю прысутнасьць на кантынэнце».

Паводле Пірштука, Нацыянальны сход Беларусі мае шэсьць працоўных парлямэнцкіх групаў сяброўства з краінамі Лацінскай Амэрыкі: Аргентынай, Бразыліяй, Кубай, Мэксыкай, Уругваем, Эквадорам.

Таваразварот з Лацінскай Амэрыкай

Паводле афіцыйнай статыстыкі, таваразварот Беларусі з краінамі Лацінскай Амэрыкі летась склаў больш за 1 мільярд даляраў. Сёлета за першую палову году — 641 мільён. Максымальны таваразварот быў у 2014 годзе — 1 мільярд 400 мільёнаў даляраў.

Што да канкрэтных праектаў, то, як заявіў Эліяс Кастылья, сёньня пра гэта гаварыць яшчэ дачасна.

Эліяс Кастылья
Эліяс Кастылья

«Мы пачулі шмат цікавых прапановаў зь беларускага боку, але нам яшчэ пакажуць беларускую прамысловасьць, — сказаў ён. — Мы ўсё паглядзім, асэнсуем і ўжо пасьля будзем весьці размову пра канкрэтныя праекты».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG