Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раптоўна памёр прэзыдэнт Віетнаму Чан Дай Куанг


Прэзыдэнт Віетнаму Чан Дай Куанг

Прэзыдэнт Віетнаму Чан Дай Куанг памёр ва ўзросьце 61 год пасьля цяжкай хваробы, паведамляе віетнамскае дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва.

Прэзыдэнт Чан Дай Куанг памёр 21 верасьня, каля 10-й раніцы паводле мясцовага часу ў вайсковым шпіталі ў Ханоі, паведамляе агенцтва. Напярэдадні яго даставілі туды ў крытычным стане з прычыны праблемаў з сэрцам, паведамляюць СМІ.

Куанг стаў дзясятым прэзыдэнтам Віетнаму ў 2016 годзе, паводле рашэньня Камуністычнай партыі. Ягоная пасада была пераважна цырыманіяльнай — асноўныя рычагі ўлады знаходзяцца ў руках прэм’ер-міністра і кіраўніка Камуністычнай партыі Віетнаму.

Да таго, як стаць прэзыдэнтам, Чан Дай Куанг узначальваў Міністэрства дзяржаўнай бясьпекі Віетнаму.

У 2017 годзе Чан Дай Куанг наведваў Беларусь зь дзяржаўным візытам. Тады прайшлі яго перамовы на найвышэйшым узроўні ў вузкім і пашыраным складзе (да гэтага Чан Дай Куанг наведваў Беларусь на пасадзе міністра грамадзкай бясьпекі).

Па выніках перамоваў у чэрвені 2017 году Беларусь і Віетнам дамовіліся ў 2019 годзе выйсьці на ўзаемны таваразварот у паўмільярда даляраў, але незалежныя экспэрты паставілі пад сумнеў гэтыя пляны. 28 жніўня 2017 году на сустрэчы старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзімера Андрэйчанкі і амбасадара Віетнама ў Беларусі Ле Аня агучылі лічбы, далёкія ад паўмільярда. У 2017 годзе таваразварот склаў 135 мільёнаў.

Тым ня менш, паводле беларускіх уладаў, сёньня Віетнам — партнэр № 1 Беларусі ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне. Ад звыклага гандлю Беларусь і Віетнам пераходзяць да адкрыцьця сумесных прадпрыемстваў, куды Беларусь перадае сучасныя эўрапейскія тэхналёгіі. Такімі прыкладамі зьяўляюцца прадпрыемства для вытворчасьці малочных прадуктаў зь беларускага сухога малака і СП па зборцы грузавых аўтамабіляў MAZ-Asia Co. Ltd.

Асноўнымі тварамі для экспарту ў Віетнам зь Белаурсі зьяўляюцца калійныя ўгнаеньні, машынакамплекты грузавой тэхнікі, трактары, кар’ерныя самазвалы, запасныя часткі да аўтамабіляў і трактароў, шыны, падшыпнікі, прадукцыя харчовай прамысловасьці.

Зь Віетнаму імпартуюцца сродкі сувязі, офіснае абсталяваньне, морапрадукты, рыс, арэхі, абутак, адзеньне, натуральны каўчук, трапічная садавіна, спэцыі, кава, гарбата.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG