Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд адправіў Марын Лё Пэн на псыхіятрычную экспэртызу


Марын Лё Пэн
Марын Лё Пэн

Францускі суд накіраваў лідэра правай партыі Нацыянальны фронт Марын Лё Пэн на псыхіятрычную экспэртызу. Пра гэта яна напісала ў сваім твітэры.

Такое рашэньне прынятае ў рамках расьсьледаваньня твіту Лё Пэн з выявай пакараньняў сьмерцю, якія праводзіла тэрарыстычная групоўка «ісламская дзяржава». Згодна з пастановай суду, копію якога апублікавала Лё Пэн, экспэрты павінны высьветліць, ці ўсьведамляла яна характар гэтага дзеяньня.

Сьледзтва абвінавачвае яе ў «распаўсюдзе паведамленьняў гвалтоўнага характару, даступных непаўналетнім». Камэнтуючы рашэньне суду, Лё Пэн выказала зьдзіўленьне тым, што павінна праходзіць экспэртызу з-за «асуджэньня кашмараў ісламскай дзяржавы».

У 2015 годзе Лё Пэн ў адказ на крытыку журналіста, які параўнаў яе партыю з «ісламскай дзяржавай», разьмясьціла ў сваім твітэры выяву з пакараньня амэрыканскага журналіста Джэймса Фоўлі і ярданскага лётчыка. Тым самым яна хацела паказаць розьніцу паміж ёй і экстрэмістамі. Кіраўнік МУС Францыі Бэрнар назваў апублікаваныя Лё Пэн фатаграфіі «прапагандай ісламскай дзяржавы». У сакавіку сёлета ёй былі выстаўленыя афіцыйныя абвінавачаньні. Цяпер лідэру францускіх правых пагражае да трох гадоў турмы і штраф у памеры 75 тысяч эўраў.

Прыхільнікі Нацыянальнага фронту раскрытыкавалі рашэньне суду, параўнаўшы яго з савецкай «карнай псыхіятрыяй», піша Le Figaro. Паводле францускіх СМІ, псыхіятрычная экспэртыза зьяўляецца стандартнай працэдурай ў такога роду крымінальных справах. Лё Пэн, аднак, лічыць гэтае сьцьвярджэньне «хлусьнёй». Яна назвала «абсурдам» дапушчэньне, што яе ўчынак можа нашкодзіць псыхіцы непаўналетніх, паколькі ён, на яе думку, мае чыста «палітычны кантэкст».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG