Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Дзень без аўтамабіля ў Менску перакрыюць вуліцу Леніна, але дазволяць кіроўцам бясплатна езьдзіць грамадзкім транспартам


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У суботу 22 верасьня з 6:00 да 21:00 перакрыюць участак вуліцы Леніна ад Кірава да праспэкту Незалежнасьці. Але дадуць бясплатна праехаць у грамадзкім транспарце пры наяўнасьці пасьведчаньня кіроўцы і тэхпашпарта на машыну.

Менск далучыўся да Эўрапейскага тыдня мабільнасьці, які праходзіць 16–22 верасьня. Як расказалі Minsknews.by у Менгарвыканкаме, ключавой падзеяй тыдня стане Дзень без аўтамабіля 22 верасьня.

У гэты дзень на вуліцы Леніна заплянавалі экалягічнае сьвята з удзелам «моладзевых музычных калектываў» (ужо анансаваныя гурты Tempo Bay і «Нагуаль»), плястычнага тэатру «ІнЖэст» і каскадэраў-раварыстаў.

Дзеля правядзеньня сьвята ад 6 раніцы да 21 вечара будзе перакрыты адрэзак вуліцы Леніна ад скрыжаваньня з вуліцай Кірава да скрыжаваньня з праспэктам Незалежнасьці — побач з Нацыянальным мастацкім музэем і 3-й лякарняй.

Таксама 22 верасьня ў менскім транспарце можна будзе праехаць бясплатна, паказаўшы пасьведчаньне кіроўцы і тэхпашпарт на машыну. Летась толькі ў мэтро такім чынам бясплатна праехалі 14 тысяч чалавек, сьцьвярджае прадстаўнік Менгарвыканкаму.

У Беларусі на канец 2017 году было амаль 3 мільёны легкавікоў і 137 тысяч грузавікоў у прыватнай уласнасьці. Менск – самы «матарызаваны» рэгіён Беларусі: 320 прыватных легкавікоў на 1000 чалавек.

Самая «матарызаваная» з буйных дзяржаваў – ЗША: з 910 аўта на 1000 чалавек. Штаты абганяе толькі мікрадзяржава Сан-Марына, дзе на 1000 чалавек амаль 1300 аўто. У Расеі на 2017 год было 324 аўтамабілі на 1000 чалавек, у Польшчы на 2017-ы – аж 539 на 1000, ва Ўкраіне на 2016-ы – толькі 202 на 1000.

Ад 2012-га па 2017 год колькасьць легкавікоў у прыватнай уласнасьці вырасла на 12,6%. Зьмяншаецца толькі колькасьць тралейбусаў – іх за той жа час стала меней на 13,5%.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG