Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што першая ў гісторыі дэлегацыя парлямэнтароў з Інданэзіі шукае ў Беларусі


Джакарта сёлета прымала Азіяцкія гульні

Дэлегацыя з Інданэзіі 17 верасьня пачала свой першы за 25 гадоў з моманту завязаньня дыпляматычных дачыненьняў паміж дзьвюма краінамі афіцыйны візыт у Менск. Калегаў прыняў намесьнік старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляслаў Пірштук.

Беларускія прапановы: сельская гаспадарка і кар’ерная тэхніка

Баляслаў Пірштук сказаў, што, паколькі ў Інданэзіі значны сельскагаспадарчы сэктар, было б разумна наладзіць партнэрскія стасункі найперш паміж аграрыямі. Другі фундамэнтальны кірунак — продаж у Інданэзію беларускай горна-здабыўнай тэхнікі.

«У гэтым сэгмэнце мы цьвёрда займаем трэцяе месца ў сьвеце і можам прапанаваць шмат разнастайнай і карыснай тэхнікі», — адзначыў намесьнік старшыні Палаты прадстаўнікоў.

Спадар Пірштук перакананы, што павялічыць таваразварот паміж дзяржавамі ў некалькі разоў — гэта рэальна. Летась таваразварот склаў 158 мільёнаў даляраў.

Сёлета ёсьць пэўная станоўчая дынаміка: за 6 месяцаў краіны прадалі адна адной тавараў на 135 мільёнаў даляраў. Беларусь пастаўляе ў Інданэзію калійныя ўгнаеньні, аўтамабільныя шыны, грузавыя аўтамабілі. Адтуль найперш імпартуецца каўчук.

А вось зь непасрэднымі інвэстыцыямі справа горшая. З Інданэзіі сёлета такіх паступленьняў не было ўвогуле, а аб’ём назапашаных інвэстыцый зь Беларусі складае ўсяго 2 мільёны даляраў.

Інданэзійская зацікаўленасьць: вайсковая тэхніка

Кіраўнік інданэзійскай дэлегацыі Аданг Судраджат да пачатку сустрэчы паразмаўляў з журналістамі і на наша пытаньне, якая асноўная мэта візыту, адказаў, што ягоная краіна зацікаўленая ў супрацы з вайскова-прамысловым комплексам Беларусі.

«Мы б хацелі ўзьняць гэтае пытаньне сёньня ў парлямэнце, каб далей падключыць зацікаўленыя ведамствы. Цяпер Інданэзія ўмацоўвае сваю армію, і для нас па-сапраўднаму цікавыя беларускія напрацоўкі ВПК. Яшчэ нас цікавіць ядзерная энэргетыка».

Старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў па эканамічнай палітыцы Ўладзіслаў Шчэпаў сказаў журналістам, што калег таксама зацікавіла тэхніка Міністэрства надзвычайных сытуацый, паколькі ў Інданэзіі часта здараюцца лясныя пажары. Госьці хацелі б даведацца, як праводзіцца прафіляктыка пажараў у Беларусі, а таксама паглядзець адпаведную спэцтэхніку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG