Расея і Кітай актыўна падрываюць міжнародныя санкцыі супраць Паўночнай Карэі. Пра гэта гаворыцца ў новым дакладзе ААН, зь якім удалося азнаёміцца газэце The Wall Street Journal.
Паводле дадзеных амэрыканскіх спэцслужбаў, Расея І Кітай сур’ёзна нарасьцілі пастаўкі паліва ў КНДР насуперак забароне, сказана ў дакумэнце. Расейскія і кітайскія банкі дапамагаюць Пхэньяну атрымліваць нелегальна заробленыя за мяжой сродкі, сказана ў справаздачы.
Назіральнікі выкрылі незаконныя пастаўкі зброі з Паўночнай Карэі ў Сірыю, Емэн, Лібію і іншыя канфліктныя рэгіёны па ўсім сьвеце. Даклад зьмяшчае мноства прыкладаў нелегальнага імпарту вугалю ў КНДР з Кітаю. Аўтары падкрэсьліваюць, што выяўленыя парушэньні робяць «неэфэктыўнымі» меры Рады бясьпекі ААН супраць Паўночнай Карэі.
У чацьвер ЗША ўвялі санкцыі супраць кампаній Расеі і Кітаю за парушэньне санкцыйнага рэжыму ў дачыненьні да Пхэньяну.