Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША рыхтуюць новы раўнд санкцый супраць Кітаю


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп плянуе ў хуткім часе ўвесьці дадатковыя мыты у дачыненьні да імпарту з Кітаю на 200 мільярдаў даляраў. Пра гэта паведамляе The Wall Street Journal. Паводле інфармацыі выданьня, адміністрацыя ЗША вырашыла скараціць памер пошлін да 10 адсоткаў, замест 25, заяўленых раней.

Дакладная дата прыняцьця новых мытаў яшчэ не вызначана, але Трамп, паводле крыніцаў The Wall Street Journal, хацеў бы зрабіць гэта да пачатку чарговага важнага тура гандлёвых перамоваў з Кітаем з тым, каб узмацніць ціск на Пэкін.

Пэкін патрабуе ад амэрыканскіх кампаній, якія працуюць у Кітаі, перадаваць тэхналёгіі кітайскім партнэрам. Вашынгтон патрабуе адмовы ад гэтай практыкі.

На сёньня адміністрацыя Трампа абклала 25-працэнтнымі пошлінамі кітайскія тавары агульным коштам 50 мільярдаў даляраў. Да гэтага часу Кітай адказваў на амэрыканскія санкцыі сымэтрычна. Але адрэагаваць такім чынам і на меркаваныя новыя тарыфы Кітай ня зможа, бо імпартуе з ЗША значна менш, чым экспартуе, адзначае The Wall Street Journal. Тым ня менш пад пагрозай контрзахадаў можа апынуцца амэрыканская мясная прадукцыя, кава, мэбля і аўтамабільныя запчасткі ацэначным коштам 60 мільярдаў даляраў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG