Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд аштрафаваў актывіста, які паведаміў пра замінаваньне рэстарацыі «Поедем поедим»


Мікіта Найдзен
Мікіта Найдзен

Суд Менскага раёну прызнаў вінаватым ў загадзя ілжывым паведамленьні пра небясьпеку Мікіту Найдзена, прысудзіўшы яму 80 базавых велічынь штрафу, гэта 1960 рублёў.

Да ўступленьня прысуду ў сілу Найдзен будзе пад хатнім арыштам. Гэтая мера стрыманьня адносна яго ўжо дзейнічае з 13 чэрвеня.

«Сплачу штраф, абскарджваць ня буду, які сэнс?» — сказаў ён пасьля абвяшчэньня прысуду.

«Штраф давядзецца плаціць мне, а каму ж яшчэ?» — удакладніла пры гэтым ягоная маці.

10 чэрвеня Мікіта Найдзен, які некалькі разоў браў удзел у пікетаваньні рэстарацыі «Поедем поедим» каля Курапатаў, патэлефанаваў адміністрацыі забаўляльнай установы і паведаміў, што будынак замініраваны.

«У вас закладзеная бомба, а каля якога пад’езду — не скажу», — гэта Мікіта Найдзен паўтарыў і даючы паказаньні ў судзе.

Паводле абвінавачаньня яму пагражала да 3 гадоў, але на сьледзтве і судзе Найдзен цалкам прызнаў сваю віну. Мэту ўчынку малады чалавек патлумачыў так: «Хацеў дапамагчы абаронцам Курапатаў, каб пасьля майго тэлефанаваньня зачынілі рэстарацыю».

Пікетоўцы каля рэстарацыі побач з Курапатамі
Пікетоўцы каля рэстарацыі побач з Курапатамі

Паводле Мікіты Найдзена, яго ніхто не падбухторваў рабіць такі званок — «Сам прыдумаў». Пасьля затрыманьня міліцыяй Найдзена аглядалі мэдыкі і прызналі псыхічна здаровым.

На працэс, паводле зьвестак зь Менскага раённага суду, выклікалі ў якасьці сьведкі аднаго зь лідэраў пікетаваньня ў Курапатах Паўла Севярынца.

З 5 верасьня актывіст адбывае 10 сутак адміністрацыйнага арышту за заклік да масавай акцыі ў Курапатах. Аднак у суд Севярынца так і не прывезьлі.

Мікіту Найдзену 28 гадоў, ён працуе на Менскім трактарным заводзе штампоўшчыкам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG