Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Узбэкістан прапануе Беларусі разам здабываць нафту і перапрацоўваць бавоўну


Аляксандар Лукашэнка і Шаўкат Мірзіёеў на перамовах у Ташкенце
Аляксандар Лукашэнка і Шаўкат Мірзіёеў на перамовах у Ташкенце

Узбэкістан прапануе Беларусі распрацоўваць нафтавыя радовішчы і сумесна перапрацоўваць бавоўну. Пра гэта прэзыдэнт Узбэкістану Шаўкат Мірзіёеў заявіў 13 верасьня на перамовах зь беларускім калегам Аляксандрам Лукашэнкам у вузкім фармаце, паведамляе БЕЛТА.

«У вас вельмі сур’ёзныя тэхналёгіі ў перапрацоўчай галіне. У нас ёсьць бавоўна. Чаму мы ня можам яе сумесна перапрацоўваць і вывозіць у краіны Эўропы? Што нам замінае? Нічога. Гэта працоўныя месцы і ў нас, і ў вас», — сказаў Мірзіёеў.

Ён таксама адзначыў, што ва Ўзбэкістане вялікія запасы карысных выкапняў і прапанаваў беларускаму боку ўзяць удзел у распрацоўцы нафтавых радовішчаў. «У вас навука разьвіваецца, а ў нас ёсьць сьвідравіны», — дадаў ён.

Мірзіёеў прызнаў, што цяпер узбэцкая вёска знаходзіцца ў цяжкім становішчы, неабходна ўкараняць рынкавыя мэханізмы, каб сельская гаспадарка заставалася рэнтабэльнай і магла канкураваць. Ён прапанаваў Лукашэнку супрацоўніцтва.

«Я хачу прапанаваць, каб мы стварылі сумесны кластар. Беларускія калегі павінны ведаць, што ў іх ёсьць сыравіна ва Ўзбэкістане. А ў вас тэхналёгіі. І мы будзем выходзіць на трэція краіны», — сказаў Мірзіёеў.

Таксама ён папрасіў беларускі бок адкрыць ва Ўзбэкістане два-тры філіялы ВНУ: у краіне вельмі цэняць беларускую адукацыю і задаволеныя узроўнем падрыхтоўкі студэнтаў.

Больш за 80 кантрактаў на $ 193,3 млн

У Ташкенце таксама прайшоў Узбэкска-Беларускі форум дзелавога і міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. Падпісаныя 82 экспартна-імпартныя кантракты на суму звыш 190 млн даляраў, а таксама дасягнутыя дамоўленасьці аб рэалізацыі інвэстыцыйных праектаў на 38 млн даляраў, паведамляе Міністэрства зьнешняга гандлю Ўзбэкістану.

Пэрспэктыўнымі напрамкі пазначаныя лёгкая прамысловасьць, электратэхнічная, сельскагаспадарчая, горназдабыўная, машынабудаўнічая, харчовая галіны, вытворчасьць будаўнічых матэрыялаў.

Дагэтуль у рангу кіраўнікоў дзяржаваў Лукашэнка і Мірзіёеў сустракаліся чатыры разы — у 2016 годзе, калі беларускі кіраўнік наведаў Узбэкістан, каб аддаць даніну памяці памерламу прэзыдэнту Ісламу Карымаву, у 2017 годзе ў Сочы на саміце СНД і ў Пэкіне на форуме «Пояс і шлях», сёлета на саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Кітаі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG