Лінкі ўнівэрсальнага доступу

20 нечаканых фактаў пра Андрэя Мрыя, які першым напісаў пра гвалт і садызм у Чырвонай арміі


13 верасьня — 125 гадоў з дня нараджэньня Андрэя Мрыя (сапраўднае імя — Андрэй Шашалевіч). У сваёй прозе ён паказваў гратэскавую савецкую рэчаіснасьць, дзе над маральлю і высокім духам пануе пачварная фізіялёгія. Ягоны раман «Запіскі Самсона Самасуя» (1929–30), у якім пісьменьнік найбольш ярка паказаў новаўтвораныя камуністамі антычалавечыя парадкі, зрабіў сэнсацыю, а на аўтара пачалося сапраўднае паляваньне.

Андрэй Шашалевіч у дзяцінстве
Андрэй Шашалевіч у дзяцінстве

1. Малым ледзь не загінуў ад таго, што бацька заснуў з цыгарэтай у ложку

«У 1902 годзе ў Палужы /.../ Антон Дзяменьцевіч (бацька Андрэя Шашалевіча. — РС) заснуў, палячы ў ложку. Дзядуля памёр, а дзяцей выратавала Ефрасіньня Фамінічна (маці Андрэя Шашалевіча. — РС), і надалей сямʼі жылося цяжка». (Натальля Прушынская. Назаві імя сьвятога. Новыя старонкі пісьменьніцкай біяграфіі // Літаратура і мастацтва. № 18, 8 мая 2015).
Андрэй Шашалевіч. 1914 г. На адваротным баку здымка — прысьвячэньне малодшаму брату Васілю, будучаму драматургу
Андрэй Шашалевіч. 1914 г. На адваротным баку здымка — прысьвячэньне малодшаму брату Васілю, будучаму драматургу

2. Не давяраючы жонцы, яго бацька напісаў такі тэстамэнт, што сямʼя бедавала

«Не было, відаць, у яе [маці Андрэя Шашалевіча. — В. Дэ Эм.] дзелавой хваткі. Нездарма муж пакінуў дзіўнае завяшчаньне. Ведаючы шырокую натуру сваёй жонкі, ён паставіў умову: распараджацца пэўнай зямлёй, якая належала яму, яна зможа толькі тады, калі малодшай дачцэ споўніцца сямнаццаць гадоў. Вось і давялося сямʼі жыць амаль у галечы». ​(А. Рухіна. Памяць з журбы і смутку / А. Мрый. Творы. 1993).

3. Адзін зь першых беларускіх пісьменьнікаў, хто ў сваіх творах пачаў іранічна ставіцца да сямейнай нявернасьці

«Я палез у ваду. /.../ Плывучы, думаў пра сваю жонку, якая ня вельмі вернай мне была (як і я ёй). У гэтым годзе мне здаецца, што яна належыць і другому чалавеку, таму, якога я паважаю, зь якім я не магу парваць дачыненьняў, якому я шмат чым абавязан. Я не хачу разблытваць гэту гісторыю, не хачу і не магу кінуць жонкі. Яна ні ў чым мне не супярэчыць, яна вельмі ласкавая, у яе няма дзікунскіх фантазій, яна проста скарб для мяне. І я нават баюся калі-небудзь захапіць іх... Я думаю, што ў гэты час там на дачы мая жонка не адна. Мне зрабілася лядашна, і, каб зьнішчыць дрэнны настрой, я моцнымі ўзмахамі пачаў перасякаць плынь ракі». (А. Мрый. Рабін. 1929 / Творы. 1993).

Разам зь сямʼёй
Разам зь сямʼёй

4. Высьмейваў мужчын, якія перад сэксам з новай жанчынай не хацелі праходзіць абсьледаваньне ў доктара

" — /.../ тут ёсьць перашкода!

— Якая? — пытаю я зьдзіўлена.

— А такая, што ты ўжо два гады жывеш бяз жонкі, дык /.../ баюся я, што ў цябе якая-небудзь трасца... «Ах, правал цябе вазьмі! — думаю я. — Ашалела баба!» Пачаў я даводзіць ёй. А ў мяне, як на зло, на губе нейкі бурдулёк прыкінуўся. /.../

— Чым ты давядзеш? Дабудзь пасьведчаньне ад доктара, тады паверу табе!

Тут азарт захапіў мяне. Чаго тут саромецца? /.../ Можна тавар паказаць. Я не саромлівая мімоза! Бах зь сябе кашулю, высунуў уперад грудзі: напукліў іх, напружыў мускулы ды тэатральна пытаю:

— Ці можа чалавек з такой камплекцыяй, з такой мускулятурай і торсам Апалёна чым-небудзь хварэць? /.../ Можа, табе паказацца ў чым матка радзіла?

— Ня трэба! — махае яна рукамі. — Чаго ты ўсшэрсьціўся? Калі здароў, дык чаму ня згодзен? Відаць, ёсьць прычына...» (А. Мрый. Гармонія ў ружовым (1927) / Творы. 1993).

5. Права даваць імёны сваім дзецям належала толькі яму

«Старэйшым дзецям імёны даваў бацька. Артура ён назваў па імені героя раману Э.Л. Войніч „Авадзень“, жадаючы сыну мужнасьці і стойкасьці. У імені дачкі выявілася яго захапленьне вобразам сьмяшлівай прыгажуні Аксаны з апавяданьня Н.В. Гогаля. /.../ мяне называў (не бяз суму, мабыць) Наталкай Запаляркай, па аналёгіі зь імем гераіні опэры М. Лысенкі „Наталка-Палтаўка“» (Натальля Прушынская. Андрэй Мрый на Поўначы ў ссылцы // Нёман. 2013, № 8).

Разам з братам Васілём Шашалевічам і сямʼёй
Разам з братам Васілём Шашалевічам і сямʼёй

6. Першы ў беларускай савецкай літаратуры, хто паказаў камандзіра Чырвонай арміі гвалтаўніком і садыстам

«Я і падсунуўся да яе. Паненка ні божа мой, крычаць хоча, адбіваецца, як замахнецца белай ручкай — усё ў месяц мне пападае. Валтузіўся я, валтузіўся зь ёю. Бачу — незмага па-добраму ўзяць. Падмануў яе ды нахрапам дабіўся свайго. Зусім зьнямог, аж запышку нагнаў. /.../ Усё цела томнае, і жывот томны. Ляжу як нежывы.

А паненачка плача, раве, як ваўчыха. /.../ «На тое рэвалюцыя, кажу. Ня толька мы пакутуем, а і вы, паночкі, жыцьцю будзеце ня рады...» (А. Мрый. Камандзір (1927) / Творы. 1993).

7. Ледзь не памёр ад тыфу, калі служыў у Чырвонай арміі, і таму стараўся сам сабе гатаваць ежу

«Мама казала, што бацька любіў гатаваць сам, асабліва яечню, старанна прасмажваў яе, абавязкова пераварочваў. З таго часу, як перахварэў на тыф на дзянікінскім фронце пад Новахапёрскам, ён быў вельмі асьцярожны» (Натальля Прушынская. Андрэй Мрый на Поўначы ў ссылцы // Нёман. 2013, № 8).

8. Калі пачаў ва «Ўзвышшы» публікаваць раман «Запіскі Самсона Самасуя», то многія чытачы лічылі, што гэта запіскі рэальнага чалавека

«У рэдакцыю часопіса, у якім друкаваўся раман, ішлі пісьмы з патрабаваньнямі „выключыць з партыі і выгнаць з апарату Самасуя, як прымазаньніка Савецкай улады“. Героя прымалі за сапраўдную асобу, а яго „Запіскі“ за праўдзівыя дакумэнты жыцьця. Якраз таму зьдзіўляліся яго беспакаранасьці» (А. Шашалевіч. Другу працоўных Іосіфу Вісарыёнавічу Сталіну // Полымя. 1988, № 1).

Вокладка «Ўзвышша», дзе друкаваўся раман «Запіскі Самсона Самасуя»
Вокладка «Ўзвышша», дзе друкаваўся раман «Запіскі Самсона Самасуя»

9. Ня маючы рэжысэрскага досьведу, ставіў касавыя спэктаклі

«...за справу вельмі сьмела ўзяўся адзін настаўнік (А. Мрый меў на ўвазе сябе. — РС).

Ён, можа, нічога і не разумеў у драматычным мастацтве, але калі няма больш сьвядомага беларуса, дык, як кажуць, на бязьлюдзьдзі і поп чалавек! Ён захапіўся гэтай справай.

— Абавязкова паставім! У Маскве і ў нас — якая супаства! Правалімся, затое з трэскам! — казаў ён і рагатаў.

Пробавалі яго адгаварыць: „Гэта варʼяцтва! Цябе дурны поп ксьціў! Кінь! Толькі сьмяяцца будуць!“ — Нічога не памагло.

/.../ Спэктакль быў стракаты. Была і сучаснасьць унесена ў пʼесу. Асабліва спадабалася, як мужык пасьля забойства Максыміліяна ўзабраўся на трон і магутным голасам закрычаў:

— Пралетарыят перамог! Няма больш цароў! /.../

Збор быў небывалы: ня толькі аплацілі ўсе выдаткі, але далі значную карысьць Нардому, Чырвонаму Крыжу і Паўмесяцу» (А. Мрый. «Цар Максыміліян» у вёсцы (1925) / Творы. 1993).

Артыкул А. Мрыя ў «Савецкай Беларусі» (№ 168. Чацьвер, 24 ліпеня 1924 г.)
Артыкул А. Мрыя ў «Савецкай Беларусі» (№ 168. Чацьвер, 24 ліпеня 1924 г.)

10. Прапаноўваў Сталіну прачытаць раман пра Самасуя

«На жаль, раман астаўся невядомы рускаму чытачу. /.../ Нават цяпер, праз 10 гадоў, у мяне мільгае ерэтычная думка, што калі б выпадкова гэтая кніжка была прагледжана Вамі, яна выклікала б у Вас вясёлы сьмех і ніякага непрыязнага пачуцьця да «рэакцыйнага пісакі, што руйнуе асновы новага жыцьця» (А. Шашалевіч. Другу працоўных Іосіфу Вісарыёнавічу Сталіну // Полымя. 1988, № 1).

11. Прататып Самсона Самасуя сьведчыў супраць Мрыя на допытах НКВД

«Другое паказаньне супроць мяне належыць Казаку, былому старшыні Цэнтар. Бюро Краязнаўства БССР (Аляксей Казак (1886–1938), сам быў арыштаваны 11.12.1937, а затым, 28.5.1938, і расстраляны. — РС). Я працаваў інструктарам ЦБ Краязнаўства з 1926–1930 г. і, вядома, знаў Казака. Гэта былы сельскі настаўнік, камуніст з 1917 г., вельмі абмежаваны, бяздарны і самазадаволены чалавек. Тыповыя рысы Самасуя /.../ сьпісаны з Казака. У Самасую ўсе пазнавалі Казака і часта сьмяяліся зь яго партрэта. Нават называлі Самасуем... /.../ Гэты Казак у пачатку 1938 г. даў /.../ паказаньне супраць мяне...» (А. Шашалевіч. Другу працоўных Іосіфу Вісарыёнавічу Сталіну // Полымя. 1988, № 1).

Ліст Андрэя Шашалевіча Сталіну
Ліст Андрэя Шашалевіча Сталіну

12. З дакорам згадваў, што пасьля першага арышту паводзіў сябе «ганебна»

«Неабходна адкрыта сказаць, што я ганебна вёў сябе на сьледзтве. Спачатку мяне папярэдне належна апрацавалі ў камэры „раззброеных“, пасьля адкрыта сказалі, што „ўсё маё кодла контррэвалюцыйнае“, што паводле сваёй адукацыі і выхаваньня (я з сэмінарыстаў) я не магу ня быць контррэвалюцыянэрам, што ў выпадку непрызнаньня маю сямʼю чакае самая сумная доля. Я зусім разгубіўся. Як мне выявіць сваё савецкае аблічча? /.../ Хочучы ўратаваць сямʼю, я выказаў гатоўнасьць прызнаць усё, што мне інкрымінавалі, хацеў поўнасьцю раззброіцца. /.../ З дапамогаю натхняльнікаў з камэры я пісаў, мая бязглузьдзіца паставіла сьледзтва ў тупік. Тым ня менш, празь месяц мая справа была тэрмінова аформлена, і я Тройкаю АДПУ быў асуджаны на 5 гадоў і накіраваны ў... ППЛ. /.../ У лягеры да мяне вярнулася развага, пачуцьцё жыцьця і праўды. Я напісаў заяву ў Пракуратуру СССР і шчыра выклаў усю праўду свайго жыцьця» (А. Шашалевіч. Другу працоўных Іосіфу Вісарыёнавічу Сталіну // Полымя. 1988, № 1).

13. Пры першым арышце быў вызвалены з канцлягера дзякуючы стараньням жонкі

«Пачну з падзей сакавіка 1934 году, калі бацька быў прыгавораны да пяці гадоў зьняволеньня ў Карагандзінскім канцлагеры. /.../ Пры апошнім спатканьні з жонкай бацька перадаў ёй сваю заяву ў Пракуратуру на імя Старшыні Вярхоўнага Суду СССР. Праводзіўшы мужа ў лягер /.../ мама /.../ паехала ў Маскву і асабіста перадала заяву намесьніку Старшыні. Справа была перагледжана, і праз 9 месяцаў, у лістападзе 1934 году, бацька быў вызвалены з канцлягера. Яго адправілі на вольнае пасяленьне ў горад Вельск (Валагодзкай вобл.) на два гады; там ён працаваў бухгальтарам леспрамгасу Масгарпаліва /.../, яго лічылі добрым працаўніком» (Натальля Прушынская. Андрэй Мрый на Поўначы ў ссылцы // Нёман. 2013, № 8).

Вокладка кнігі П. Загаруйкі «Шляхамі ўзбочнымі» (1932), якую пераклаў Андрэй Мрый
Вокладка кнігі П. Загаруйкі «Шляхамі ўзбочнымі» (1932), якую пераклаў Андрэй Мрый

14. У высылцы пісаў прозу, у якой закранаў гомасэксуальныя матывы ды іншыя анамаліі

«...у лютым-сакавіку 1940 г. /.../ я, загорнутая ў пялюшкі, ляжала перад бацькам на стале, а ён пісаў, пісаў ... /.../. Пра тое, што бачыў, што перажыў у лягеры і на франтах /.../, цяжкі, горкі вопыт: голад, хваробы, цынга, тыф, усякія анамаліі... /.../ Аднойчы сустрэлася слова „гомасэксуалізм“, і я спытала пра яго. / ... / мама /.../ патлумачыла, што гэтая тэма таксама закраналася бацькам у яго творах» (Натальля Прушынская. Андрэй Мрый на Поўначы ў ссылцы // Нёман. 2013, № 8).

15. Сваім раманам зь лягернага жыцьця «Жывы дом» творча спрачаўся з Дастаеўскім

Андрэй Мрый
Андрэй Мрый

«Шмат што ў яго творчасьці ішло ад М.В. Гогаля і Ф.М. Дастаеўскага, напрыклад, жанравая форма „запісак“, у якую ён убраў свой першы раман. Здаецца, і другі раман, „Жывы дом“, быў пабудаваны ў форме „запісак“, але галоўнае ў ім — палеміка з Ф.М. Дастаеўскім. Лягер ня „мёртвы дом“, а жывы — такая ідэя». (Натальля Прушынская. Андрэй Мрый на Поўначы ў ссылцы // Нёман. 2013, № 8).

16. Пры жыцьці ў яго ня выйшла ніводнай кнігі

«...за дзесяць гадоў творчай працы (1924–1934), г.зн. да першага арышту, Андрэй Мрый ня выдаў ніводнага зборніка апавяданьняў ці нарысаў. Ніводзін яго твор пры жыцьці ня выйшаў асобнай кніжкай. У гэта цяжка паверыць, але так яно і было на самай справе. Газэта „Савецкая Беларусь“, літаратурны дадатак да яе — „Чырвоны сейбіт“, часопісы „Наш край“, „Узвышша“ — вось тыя пэрыядычныя выданьні, на старонках якіх беларускі чытач знаёміўся з творамі А. Мрыя» (Міхась Мушынскі. Андрэй Мрый: на шляху да творчага самасьцьвярджэньня. Да 115-й гадавіны з дня нараджэньня пісьменьніка / Пра час «Узвышша». Матэрыялы Ўзвышаўскіх чытаньняў (Менск, 2008–2011). Выпуск 5. 2011).

17. Пасьля апошняга арышту яму выбілі ўсе зубы

«... вясной 1941 году Ксенія Антонаўна (сястра А. Мрыя. — РС) зьезьдзіла ў Мядзьведжую Гару на спатканьне з братам [Беразьляг, Архангельская вобл.]. /.../ запомніліся яе словы: „Андрэй трымаецца бадзёра, але ў яго выбітыя ўсе зубы (нібыта бервяном). Ён сказаў, што катуюць там, што не даюць спаць і ўвесь час, круглыя суткі, сьвецяць у вочы...“ Гэтыя катаваньні ён вытрымаў, мяркуючы па пратаколах допытаў, якія праз шмат гадоў мы /.../ чыталі ў ягонай сьледчай справе» (Натальля Прушынская. Андрэй Мрый на Поўначы ў ссылцы // Нёман. 2013, № 8).

Апошні прыжыцьцёвы здымак. 1943 г.
Апошні прыжыцьцёвы здымак. 1943 г.

18. Загадкава загінуў пасьля таго, як яго вызвалілі зь лягера

«У 2000 годзе мы зь сястрой, азнаёміўшыся са сьледчай справай, запыталі УУС Комі пра месца сьмерці і пахаваньня пасьмяротна рэабілітаванага ў 1956 годзе А. А. Шашалевіча. Вочы мае доўга адмаўляліся прыняць зьмест адказу. Нарэшце важуся прывесьці яго: „Паведамляем, што ваш бацька Шашалевіч Андрэй Антонавіч, 1893 г.н., сапраўды адбываў пакараньне ў Усьць-Вымлягу Комі з 12.10.42, прыбыў зь Беразьлягу. Ён быў вызвалены 25.09.43 і сьледаваў да месца жыхарства — Фрунзенская вобл., Кагановіцкі р-н, ст. Наватроіцкі. У шляху сьледаваньня 8 кастрычніка 1943 г. у цягніку быў знойдзены труп Шашалевіча Андрэя Антонавіча, пра што складзены акт — начальнік эшалёна, мэдсястра, упаўнаважаны міліцыі. Месца пахаваньня невядома...“» (Натальля Прушынская. Андрэй Мрый на Поўначы ў ссылцы // Нёман 2013, № 8).

19. «Рэабілітавалі А. Мрыя толькі на паперы»

«Рэабілітавалі Андрэя Мрыя 6 студзеня 1961 г. Але рэабілітацыя была зроблена толькі на паперы. Пасьля сьмерці „правадыра народаў“, калі ўжо пачалі выходзіць /.../ кнігі расстраляных або закатаваных у канцлягерах /.../ [літаратараў], імя Андрэя Мрыя /.../ заставалася ў нябыце. І толькі праз трыццаць гадоў пасьля рэабілітацыі выйшла яго першая кніга, якраз напярэдадні стагодзьдзя з дня нараджэньня... Такой непавагі дзяржавы да сваіх таленавітых сыноў, мабыць, яшчэ ня ведала гісторыя літаратуры...» (Леанід Маракоў. Вядомы пад псэўданімам А. Мрый. Лёс пісьменьніка // Роднае слова. 2001, № 9).

Літаратуразнаўца Міхась Мушынскі дадае: «У „Гісторыі беларускай савецкай літаратуры. 1917–1941“ (1964) аўтар /.../ ацаніў раман А. Мрыя прадузята, зь неабʼектыўных пазыцый, а ў зьмешчанай тамсама „Хроніцы літаратурнага жыцьця“ імя пісьменьніка ўвогуле ня згадваецца...» (Міхась Мушынскі. Андрэй Мрый: на шляху да творчага самасьцьвярджэньня. Да 115-й гадавіны з дня нараджэньня пісьменьніка / Пра час «Узвышша». Матэрыялы Ўзвышаўскіх чытаньняў (Менск, 2008–2011). Выпуск 5. 2011).

Мюнхэнскае выданьне раману «Запіскі Самсона Самасуя» (1953)
Мюнхэнскае выданьне раману «Запіскі Самсона Самасуя» (1953)

20. Яго першая кніга («Запіскі Самсона Самасуя») выйшла ў год сьмерці Сталіна за мяжой

«У лісьце да [прафэсара-беларусіста Норбэрта Рандава] я падзялілася зь ім сваімі паўуспамінамі-паўдагадкамі пра тое, якім чынам мог быць выдадзены ў 1953 г. у Германіі раман бацькі „Запіскі Самсона Самасуя“. Мая вэрсія зводзіцца да таго, што ў час акупацыі адзін чалавек, які зьехаў разам з наступленьнем савецкіх войск, прапанаваў маці ўзяць зь ім шлюб. Яна ж засталася на радзіме — чакаць зь лягера мужа. Можа быць, той чалавек і пасадзейнічаў зьяўленьню мюнхэнскага выданьня раману бацькі /.../ Яго зрокавы вобраз адбіўся ў маёй памяці з дня нашага расстаньня, і я апісала яго ў лісьце да Н. Рандава, але імя яго мне невядома» (Натальля Прушынская. Новыя зьвесткі да біяграфіі пісьменьніка А. Мрыя (Андрэя Шашалевіча) / Кантакты і дыялёгі, 2001, № 11).

Аўтар выказвае падзяку за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу і ў прадстаўленьні фатаздымкаў Вользе Гулевай і Віктару Жыбулю.

  • 16x9 Image

    Васіль Дэ Эм

    Васіль Дэ Эм (Васіль Дранько-Майсюк) — драматург, актор, дзіцячы пэдагог, мастак. Нарадзіўся ў мястэчку Давыд-Гарадок. Скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў (рэжысура драмы). 

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG