Былы выканаўчы дырэктар «Беларусбанку» Анатоль Багавік, які ўвесну выйшаў на волю, працаўладкаваўся ў кампанію «БР-Кансалт». Мінулай восеньню мэнэджар быў асуджаны на 8 гадоў калёніі, аднак неўзабаве памілаваны прэзыдэнтам.
Як расказаў адзін з суразмоўцаў парталу TUT.BY у фінансавым сэктары, ня так даўно Анатоль Багавік уладкаваўся на працу ў структуру, зьвязаную з Банкам разьвіцьця. У дачыннай кампаніі банку пацьвердзілі, што ён займае пасаду памочніка дырэктара.
«БР-Кансалт» ад 2016 году зьяўляецца кіроўнай кампаніяй холдынгу арганізацый дрэваапрацоўчай прамысловасьці, яму аддадзеныя паўнамоцтвы кіраваньня шэрагам прадпрыемстваў дрэваапрацоўкі.
Багавік ня першы банкір, які пайшоў у рэальны сэктар. У 2017 годзе былы старшыня праўленьня «Белінвэстбанку» Генадзь Сысоеў узначаліў «Барысаўдрэў», які таксама ўваходзіць у склад дрэваапрацоўчага холдынгу Банку разьвіцьця.
8 гадоў зьняволеньня са штрафам і канфіскацыяй. Вынесены прысуд былому выканаўчаму дырэктару Беларусбанку Анатолю Багавіку
Анатоля Багавіка затрымалі ў жніўні 2016 году. Як вынікала з абвінавачаньня, займаючы пасаду старшыні конкурснай камісіі закупкі тавараў і паслуг «Беларусбанку», ён прыняў ад тагачаснага гендырэктара Банкаўскага працэсінгавага цэнтру Генадзя Зубарава больш за 90 тысяч даляраў за «садзейнічаньне ў перамозе» на закупку банкаматаў для патрэб «Беларусбанку».
Летась 13 кастрычніка Багавік быў асуджаны на 8 гадоў пазбаўленьня волі і штрафу ў памеры 500 базавых велічыняў.
У сваім апошнім слове ён сказаў, што хацеў бы быць карысным сваімі прафэсійнымі ведамі, і ўжо праз паўгода пасьля прысуду апынуўся на волі.