Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў ЗША разгарнулася вострая барацьба вакол кандыдата ў члены Вярхоўнага суду


Пратэст супраць прызначэньня Брэта Каваны ў першы дзень сэнацкіх слуханьняў у справе ягонага прызначэньня, 4 верасьня 2018 году.
Пратэст супраць прызначэньня Брэта Каваны ў першы дзень сэнацкіх слуханьняў у справе ягонага прызначэньня, 4 верасьня 2018 году.

Прызначэньне судзьдзяў Вярхоўнага суду ЗША зьяўляецца адной з самых важных і складаных прэрагатыў і абавязкаў для кожнага прэзыдэнта ЗША.

Сутнасьць праблемы

Кожны прэзыдэнт можа займаць сваю пасаду толькі два тэрміны па чатыры гады, а судзьдзя Вяхоўнага суду, якога прэзыдэнт прызначае, займае сваю пасаду пажыцьцёва.

Некалькі месяцаў таму ў краіне разгарнулася вострая палеміка вакол кандыдата ў члены Вярхоўнага суду, якога вылучыў прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп — 53-гадовага Брэта Каваны.

Праціўнікі такога прызначэньня баяцца, што Кавана зрушыць балянс у Вярхоўным судзе на карысьць кансэрватараў і на дзесяцігодзьдзі наперад зможа ўплываць на прыняцьце агульнанацыянальных законаў.

Трамп выбраў Кавану кандыдатам пасьля таго, як у канцы вясны сёлета 81-гадовы судзьдзя Вярхоўнага суду Энтані Кэнэдзі абвясьціў, што 31 ліпеня сыходзіць на пэнсію.

Падчас намінацыі Брэта Каваны (справа) Дональдам Трампам.
Падчас намінацыі Брэта Каваны (справа) Дональдам Трампам.

Гісторыя

Паводле амэрыканскай канстытуцыі паўнамоцтвы прызначаць судзьдзяў Вярхоўнага суду падзяляюцца паміж прэзыдэнтам і верхняй палатай Кангрэсу ЗША — Сэнатам. Прэзыдэнт выбірае кандыдатуру, а Сэнат праводзіць грамадзкія слуханьні да галасаваньня па кандыдатуры і пасьля большасьцю галасоў або прызначае, або адхіляе кандыдата.

Гістарычна склалася так, што кожны прэзыдэнт за сваю кадэнцыю прызначае аднаго або двух судзьдзяў Вярхоўнага суду.

Брэт Кавана — другі кандыдат Дональда Трампа у члены Вярхоўнага суду пасьля таго, як ён стаў прэзыдэнтам у студзені 2017 году.

Першым быў 49-гадовы кансэрватар Ніл Горсач, які ў красавіку 2017 году заняў у Вярхоўным судзе месца, што вызвалілася ў пачатку 2016 году. Тады дэмакраты таксама спрабавалі пратэставаць, але рэспубліканская большасьць прагаласавала за Горсача.

Дональд Трамп і Ніл Горсач. 2017 год.
Дональд Трамп і Ніл Горсач. 2017 год.

Традыцыя прызначэньня і працы судзьдзяў Вярхоўнага суду ЗША надае ім палітычнае значэньне і адрозьнівае іх ад судзьдзяў у іншых краінах, дзе тыя зьяўляюцца хутчэй юрыдычнымі чыноўнікамі.

Вярхоўны суд ЗША быў створаны ў 1789 годзе. З таго часу 113 мужчын і жанчын служылі судзьдзямі. Сярэдняя кадэнцыя — 16 гадоў. Суд складаецца з 9 судзьдзяў.

Асаблівасьць судовай сыстэмы ЗША

Вярхоўны суд адыгрывае ключавую ролю ў інтэрпрэтацыі канстытуцыі ЗША і можа мець рашаючы голас ў тлумачэньні іншых актаў. Гэты суд зьяўляецца вяршыняй адной з трох галін улады — судовай, побач з заканадаўчай і выканаўчай.

Вярхоўны суд мае ключавы інструмэнт — судовы разгляд, у рамках якога ён можа нават адхіліць прыняты заканадаўчай уладай закон як неканстытуцыйны.

Справы прымаюцца да разгляду ў Вярхоўным судзе тады, калі прынамсі чатыры судзьдзі згодныя на гэта або калі спрэчнае пытаньне ахоплівае прынамсі два розныя штаты.

Гістарычныя рашэньні Вярхоўнага суду

Вось некаторыя ключавыя рашэньні Вярхоўнага суду, якія зьмянілі амэрыканскае грамадзтва:

  • У 1954 годзе Вярхоўны суд вырашыў, што падзел вучняў дзяржаўных школаў на белых і чорных неканстытуцыйны.
  • У 1966 годзе Вярхоўны суд пастанавіў, што падазраваныя па крымінальных справах павінны быць паінфармаваныя аб іх правах да таго, як паліцыя пачне іх дапытваць. У выніку цяпер паліцыянты зачытваюць падазраваным так званую формулу Міранды.
  • У 1973 годзе Вярхоўны суд пастанавіў, што 14 папраўка да канстытуцыі дае жанчынам права на аборт на працягу двух першых трымэстраў цяжарнасьці.
  • У 2015 годзе Вярхоўны суд вырашыў, што перашкода аднаполым парам уступаць у шлюб зьяўляецца дыскрымінацыяй і павінна быць забаронена адпаведна з 14-й папраўкай да канстытуцыі.

Дэмакраты цяпер вядуць адчайную барацьбу супраць прызначэньня Брэта Каваны, які пакуль зьяўляецца апэляцыйным судзьдзёй акругі Калюмбія.

Дэмакраты баяцца, што з прызначэньнем Каваны ў Вярхоўным судзе утворыцца група з 4-5 кансэрватыўных судзьдзяў, якія змогуць прымаць кансэрватыўныя рашэньні на працягу наступных дзесяцігодзьдзяў. Напрыклад, забараніць у краіне аборты, пра што цяпер шмат пішуць у сродках масавай інфармацыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG