Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр першы міністар здароўя незалежнай Беларусі Васіль Казакоў


Разьвітаньне пройдзе 11 верасьня а 13-й гадзіне ў БелМАПА, што ў Менску на вуліцы Петруся Броўкі, 3.

Васіль Казакоў, першы міністар аховы здароўя сучаснай Рэспублікі Беларус, памёр 9 верасьня ва ўзросьце 83 гадоў, піша Tut.by. Прычыны сьмерці не паведамляюцца. Яго пахаваюць на Маскоўскіх могілках у Менску.

Казакоў быў міністрам аховы здароўя з 1991 па 1994 год, пасьля стаў лекарам аднаго зь беларускіх санаторыяў-прафілякторыяў. Паводле Tut.by, падчас ягонай працы на пасадзе міністра ў абласных гарадах адкрыліся дыягнастычныя цэнтры; ён стварыў радыяцыйны інстытут на базе санаторыя ў Аксакаўшчыне, мэдыка-генэтычны цэнтар у Гомлі, навуковую лябараторыю імуналёгіі дзіцячага ўзросту на базе Цэнтральнай навукова-дасьледчай лябараторыі Менскага мэдыцынскага інстытуту, Цэнтар трансплянтацыі касьцявога мозгу на базе менскай 9-й лякарні; заклаў падмурак Цэнтру дзіцячай анкалёгіі і гематалёгіі ў Бараўлянах. Пры ім мэдычны пэрсанал пачаў стажавацца ў Нямеччыне, Аўстрыі, Вялікай Брытаніі, Італіі, Люксэмбургу.

Ён нарадзіўся 20 лютага 1935 году. Выпускнік Менскага мэдынстытуту, першы год прапрацаваў лекарам-тэрапэўтам, затым пяць гадоў займаў пасаду намесьніка галоўнага лекара Хоцімскай раённай лякарні, сем гадоў быў галоўным лекарам Касьцюковіцкага раёну, у 1972–1978 гадах быў намесьнікам загадчыка аддзелу аховы здароўя Магілёўскага райвыканкаму, пасьля да 1990-га быў намесьнікам міністра аховы здароўя БССР.

Тры гады таму Васіль Казакоў даў вялікае інтэрвію «Камсамльскай праўдзе ў Беларусі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG