Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забойцу міліцыянта пад Івацэвічамі прызначылі псыхоляга-псыхіятрычную экспэртызу


Архіўнае фота. На месцы страляніны ў вёсцы Бабровічы. 17 жніўня 2018 году
Архіўнае фота. На месцы страляніны ў вёсцы Бабровічы. 17 жніўня 2018 году

У дачыненьні да жыхара Івацэвіцкага раёну, які абвінавачваецца ў забойстве супрацоўніка міліцыі і замаху на забойства яшчэ аднаго, 5 верасьня прызначаная стацыянарная комплексная псыхоляга-псыхіятрычная экспэртыза.

Пра гэта сказаў 10 верасьня на прэс-канфэрэнцыі начальнік упраўленьня Сьледчага камітэту па Берасьцейскай вобласьці Аляксандар Рахманаў, паведамляе БелаПАН.

Па словах Рахманава, на сёньняшні дзень сьледзтва ў дэталях устанавіла акалічнасьці і пасьлядоўнасьць падзей. У прыватнасьці, як адзначыў прадстаўнік СК, у ходзе сьледзтва «не пацьвердзілася разьмешчаная ў некаторых СМІ інфармацыя, што незадоўга да гэтых падзей паміж абвінавачаным і супрацоўнікамі міліцыі, якія прыбылі для праверкі, быў канфлікт». Таксама ўстаноўлена, што абвінавачаны стрэліў у міліцыянтаў раптоўна.

Падчас прэс-канфэрэнцыі Рахманаў паведаміў, што 7 верасьня другі пацярпелы супрацоўнік міліцыі выпісаны са шпіталя.

17 жніўня 57-гадовы жыхар вёскі Бабровічы Сяргей Д. пачаў страляць па супрацоўніках міліцыі. Інцыдэнт адбыўся, калі да яго з мэтай праверкі ўмоваў захоўваньня паляўнічай зброі прыйшлі ўчастковыя. У выніку адзін зь іх быў забіты на месцы, другому нападнік стрэліў у сьпіну. У параненага міліцыянта зафіксавалі некалькі агнястрэльных раненьняў грудной клеткі і паясьнічнай вобласьці з пашкоджаньнем унутраных органаў і ўнутрыбрушным крывацёкам. Яму зрабілі апэрацыю.

Стралку з Івацэвіцкага раёну пагражае сьмяротнае пакараньне

Сьледчы камітэт завёў супраць Сяргея Д. крымінальную справу. Жыхару Бабровічаў выстаўленае абвінавачаньне ў забойстве асобы падчас выкананьня ёю службовых абавязкаў і замах на забойства дзьвюх асобаў у сувязі з ажыцьцяўленьнем імі службовай дзейнасьці.

Санкцыі артыкулаў прадугледжваюць наступныя максымальныя пакараньні:

  • ад 8 да 25 гадоў турмы;
  • пажыцьцёвае зьняволеньне;
  • сьмяротнае пакараньне.

Пасьля затрыманьня стралка агледзелі мэдыкі, але па выніках агляду ня выявілі прыкметаў наркатычнага ці алькагольнага ап’яненьня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG