Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як захаваць скуру здаровай. Тры важныя харчовыя інгрэдыенты


Паводле сучасных уяўленьняў пра здаровы лад жыцьця, клопат пра скуру павінен быць прыярытэтам для кожнага чалавека, незалежна ад узросту. Пра гэта на сайце sharecare. com піша Алівія Дэлонг.

«Паколькі мы старэем, здольнасьць нашай скуры захоўваць вільгаць, бляск і элястычнасьць зьмяншаецца. Гэта адбываецца таму, што здольнасьць тлушчавых залоз і паверхні скуры вырабляць і ўтрымліваць вільгаць падае», — кажа дэрматоляг Томас Гокэр, доктар мэдыцыны з амэрыканскага штату Канзас.

У розныя поры году скура па-рознаму рэагуе на надвор’е, шмат у каго ўзьнікаюць ускладненьні — раздражненьне, дэрматыты, экзэмы, акнэ, сьверб. Таму лекары раяць дбаць пра скуру круглы год.

Але нават тыя, хто рэгулярна выкарыстоўвае крэмы для вільготнасьці скуры і для аховы ад сонечнага ўльтрафіялету, а таксама рэгулярна мые твар перад сном, павінны ведаць, што здароўю скуры спрыяюць і асаблівасьці дыеты.

Вось тры харчовыя інгрэдыенты, якія ў любую пару году дапамогуць вашай скуры заставацца ў добрым стане.

Амэга-3

Амэга-3 тлустая кіслата дапамагае захаваць здаровае сэрца, паменшыць колькасьць трыгліцэрыдаў (тлушчаў) у крыві і дапамагае зьнізіць крывяны ціск. Тлустыя кіслоты могуць дапамагчы і нашай скуры заставацца вільготнай.

Амэга-3 умацоўвае скураны бар’ер, дзякуючы чаму скура можа ўтрымліваць вільгаць. Тлустыя кіслоты здольныя памяншаць запаленьне, якое суправаджае акнэ, экзэму, псарыяз і высыпаньні на сухой скуры.

Варта есьці ласось, тунец, семкі чыа, грэцкія арэхі, ільняное семя. Дыетолягі рэкамэндуюць зьядаць 100-120 грам тлустай рыбы два разы на тыдзень. Можна браць і рыбін тлушч, але для гэтага варта параіцца зь лекарам

Вітамін D

Важна прымаць вітамін D у выглядзе харчовых дадаткаў або ўжываць багатыя на яго прадукты.

Паводле дыетолягаў, 50% людзей не атрымліваюць дастаткова вітаміну D. А гэта ня толькі старэньне скуры, але, напрыклад, і павышаная схільнасьць да інфэкцый.

Асабліва важна браць гэты вітамін зімой, бо ў гэтую пару адчуваецца недахоп сонечнага сьвятла, пад узьдзеяньнем якога вітамін D утвараецца ў скуры.

Вітамін D таксама дапамагае арганізму засвойваць кальцый і, у сваю чаргу, спрыяе росту костак і павышае нашу імунную сыстэму.

Вось добрыя крыніцы вітаміну D:

  • тунец
  • сёмга
  • макрэль
  • цэльназерневыя прадукты
  • ёгурт
  • апэльсінавы сок


У сонечныя дні трэба старацца бываць на адкрытым паветры больш за 15 хвілін і падстаўляць сонцу твар, рукі, сьпіну і ногі.

Вада

H2О спрыяе здароваму страваваньню, павышае ўзровень энэргіі і захоўвае талію стройнай. Лекары раяць кожнаму чалавеку выпіваць восем шклянак вады ў дзень.

Існуе мала доказаў таго, што рэгулярнае спажываньне вады запавольвае працэс старэньня скуры, але вада спрыяе нармальнаму функцыянаваньню ўнутраных органаў і дапамагае скуры заставацца вільготнай.

Калі вы ня любіце піць звычайную ваду, паспрабуйце дадаць у яе сьвежы лімон або ягады для водару.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG