Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уцекачы з магілёўскай спэцвучэльні хаваліся ў Маскве. Іх вярнулі на радзіму


Зьбеглых 30 жніўня гадаванцаў магілёўскай спэцвучэльні № 2 адшукалі ў Маскве на адной з тамтэйшых будоўляў. Там яны ўладкаваліся падсобнымі работнікамі.

Паводле Ўпраўленьня ўнутраных справаў Магілёўскага аблвыканкаму, на сьлед траіх уцекачоў выйшлі 8 верасьня. Яны перададзеныя прадстаўнікам спэцвучэльні.

17-гадовыя хлопцы не вярнуліся ў спэцвучэльню з падлеткавага летніка «Возрождение», у які былі адпраўленыя ў якасьці заахвочваньня. Пра іхныя ўцёкі кіраўніцтва даведалася 30 жніўня. 31 жніўня яны меліся быць у спэцвучэльні .


Месьціўся лягер на самай мяжы з Расеяй — за дзесяць кілямэтраў ад Мсьціслава, на тэрыторыі Пустынкаўскага мужчынскага кляштара. Дваім уцекачам заставалася прабыць у закрытай адукацыйнай установе меней за два месяцы.

Паводле афіцыйнай інфармацыі Ўпраўленьня ўнутраных справаў Магілёўскага аблвыканкаму, уцекачы «наўмысна выехалі на тэрыторыю Смаленскай вобласьці Расейскай Фэдэрацыі» дзеля «ухіленьня ад навучаньня ў спэцустанове».

Якое пакараньне за ўцёкі падлеткам пагражае пакуль невядома. Двое зьбеглых былі адпраўленыя ў спэцвучэльню за крадзеж, яшчэ адзін скраў транспартны сродак.

Адзін зь цяперашніх уцекачоў сёлета быў прызнаны пацярпелым у справе аб перавышэньні службовых паўнамоцтваў былым дырэктарам спэцвучэльні Алегам Малашкіным, а таксама двума яго намесьнікамі Валерыем Баравіковым і Аляксандрам Доўгім. Гэтую справу цяпер разглядае Чавускі раённы суд.


У гэтага хлопца ў Маскве працуюць двое старэйшых братоў. У гутарцы з карэспандэнтам Свабоды ягоныя бацькі выказалі заклапочанасьць, што за гэтыя ўцёкі яго могуць зьбіць, як і год таму. Сынавы ўцёкі яны зьвязваюць з тым, што гадаванцаў спэцвучэльні кепска ахоўваюць.

26 лістапада 2017 году шасьцёра навучэнцаў наважыліся на ўцёкі. Праз тры гадзіны іх адшукалі і вярнулі назад. Як даведаліся бацькі, іх дзяцей па адным заводзілі ў пакой, дзе не было відэаназіраньня, і трое супрацоўнікаў вучэльні іх зьбівалі. Аднаму пашкодзілі хрыбетнік.

Сваячка аднаго з былых навучэнцаў, якая пажадала не называць свайго імя, паведаміла, што зьехаць у Расею зьбіраліся ўцекачы і летась. Самі ж навучэнцы настойвалі, што наважыліся на ўцёкі, каб паведаміць міліцыі пра надта жорсткае абыходжаньне ў спэцвучэльні і сваволю кіраўніцтва. Журналістаў хлопцы запэўнівалі, што ўцякаць больш ня будуць.

Дзяржаўная спэцыяльная прафэсійна-тэхнічная вучэльня закрытага тыпу № 2 дрэваперапрацоўкі створаная для «вырашэньня задач сацыяльнай рэабілітацыі, карэкцыі і ўтрыманьня падлеткаў, якія зьдзейсьнілі грамадзка небясьпечныя ўчынкі альбо парушылі правілы грамадзкіх паводзінаў». У вучэльню накіроўваюцца хлопцы ад 14 да 18 гадоў тэрмінам на два гады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG