Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сястра салдата, які ўчыніў самагубства: «Сяргей прасіў пераводзіць грошы на картку і тэлефоны невядомых»


Сяргей Ясюкевіч. Фота са старонкі ва «ЎКантакце»

9 верасьня стала вядома, што цела 26-гадовага салдата адной з частак Горадзенскага гарнізону было знойдзена ў лесе разам зь перадсьмяротнай запіскай.

Яшчэ адно самагубства. Цела 27-гадовага вайскоўца знайшлі ў лесе на Горадзеншчыне

Стрыечная сястра салдата Вольга паведаміла Свабодзе, што імя загінулага Сяргей Сяргеевіч Ясюкевіч, ён нарадзіўся 17 сьнежня 1991 году.

«Ён чалавек нялёгкага лёсу. У маладым узросьце трапіў пад уплыў кепскай кампаніі і два разы быў судзімы за крадзеж. Але ў турме ня быў, у якасьці пакараньня было вольнае пасяленьне. Калі вярнуўся, троху працаваў у Маскве.

Калі яму было 25 гадоў, некалькі разоў казаў мне, што хоча пайсьці ў войска і застацца там працаваць па кантракце. Але праблема ў тым, што з судзімасьцю вельмі цяжка трапіць у войска. Ведаю, што ён некалькі разоў да ваенкама ў Навагрудак, прасіўся. У выніку ўзялі, пачаў служыць», — распавяла Вольга.

Яна ўдакладніла, што Сяргей Ясюкевіч нарадзіўся ў вёсцы Ятра, пад Навагрудкам. Яго бацька даўно памёр, маці цяпер жыве ў Навагрудку разам з дачкой.

«Падчас яго службы мы трымалі кантакт, перапісваліся ў «ВКонтакте». Ён пэрыядычна прасіў грошы — то 10, то 20, а то і 50 рублёў. Калі пытала, навошта, адказваў няўцямна, маўляў на цыгарэты. Ён дасылаў мне нумар карткі ці невядомыя мне нумары тэлефонаў, куды трэба было перавесьці грошы. Памятаю, што я нават абуралася, чалавек жа нібыта знаходзіцца на дзяржаўным забесьпячэньні, а тут немалыя грошы просіць», — дадала Вольга.

Далей жанчына сказала, што ёй вядома пра тое, што Сяргею ў чэрвені прастрэлілі руку, ён знаходзіўся на лячэньні ў Менску.

«У афіцыйнай заяве гаворыцца, што Сяргей зьнік у сераду, 5 верасьня. Наша сям'я лічыць, што гэта не зусім так. Справа ў тым, што ўжо некалькі тыдняў мне, а таксама яго роднай сястры, якая жыве ў Навагрудку, і брату, які жыве ў Маскве, тэлефануюць з вайсковых органаў і пытаюцца, ці ня ведаем мы, дзе Сяргей, а таксама, з кім ён камунікаваў. Да яго роднай сястра, якая цяпер знаходзіцца ў радзільным доме на захаваньні, прыходзілі вайскоўцы і пыталіся, дзе Сяргей. У гэтай гісторыі вельмі шмат нявысьветленага, і я нават ня ведаю, што думаць. Пра сьмерць Сяргея мне сказаў брат з Маскву, яму тады пазванілі і паведамілі», — дадала Вольга.

Пахаваньне Сяргея Ясюкевіча адбудзецца ў сераду, 12 верасьня, у вёсцы Ятра Навагрудзкага раёну.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG