Улады Ўкраіны часова прыпынілі працу школ і дзіцячых садкоў у некалькіх раёнах Хэрсонскай вобласьці, якія мяжуюць з анэксаваным Расеяй Крымам. Прычынай сталі выкіды ў атмасфэру хімічных рэчываў на поўначы паўвострава, паведамляе «Інтэрфакс».
Кіраўнік Хэрсонскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Андрэй Гардзееў паведаміў, што праз выкіды ўжо пацярпелі 37 украінскіх памежнікаў, якія несьлі службу на кантрольна-прапускным пункце «Каланчак» на адміністрацыйнай мяжы з анэксаваным Расеяй Крымам. Паводле чыноўніка, у іх праблемы з органамі дыханьня і агулам пагоршылася здароўе. Пяцёра пагранічнікаў паклалі ў адэскі шпіталь Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны.
У ноч на 24 жніўня на поўначы Крыму адбыўся выкід невядомага рэчыва. Мясцовыя жыхары, у тым ліку ў горадзе Армянску і сяле Перакоп, скардзяцца на атручанае хімікатамі паветра. У сацыяльных сетках публікуюць фатаграфіі, на якіх відаць, што ў зоне экалягічнага бедзтва загінулі птушкі і амаль усе расьліны. 5 верасьня былі зафіксаваныя першыя выпадкі атручваньня ўкраінскіх памежнікаў.
У Міністэрстве абароны Ўкраіны заявілі, што прычынай інцыдэнту сталі жнівеньскія вучэньні расейскай арміі. Паводле зьвестак ведамства, падчас стрэльбаў снарады трапілі ў тэхналягічныя ёмістасьці аднаго з хімічных прадпрыемстваў непадалёк ад Армянску.
Падкантрольныя Крамлю ўлады Крыму, у сваю чаргу, заяўляюць, што прычынай бедзтва сталі выпарэньні зьмесьціва накапляльніка кіслаты, які выкарыстоўваецца заводам «Крымскі тытан». Паведамлялася, што праца завода будзе спыненая на два тыдні. З Армянску эвакуююць дзяцей у крымскія санаторыі.