Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанскі дайвэр падае ў суд на Маска: мільярдэр яшчэ раз назваў яго пэдафілам


Ілан Маск

Брытанскі фінансіст і дайвэр Вэрнан Ансварт, які жыве ў Тайляндзе і быў адным з галоўных удзельнікаў апэрацыі па выратаваньні 12 падлеткаў-футбалістаў з затопленай пячоры, вырашыў падаць у суд на мільярдэра Ілана Маска.

Канфлікт паміж Ансвартам і Маскам разгарэўся ў ліпені, калі ратавальнікі знайшлі хлопчыкаў-футбалістаў і іх трэнэра ў затопленай пячоры. Уваход у пячору быў пад вадой, і да таго ж уяўляў сабой сетку доўгіх і вузкіх тунэляў, і ратавальнікі доўга распрацоўвалі плян эвакуацыі групы.

Маск тады прапанаваў накіраваць у пячору падводную міні-лодку. Але Ансварт, які ўдзельнічаў у выратавальнай апэрацыі, назваў субмарыну Маска піярам.

«Не было ніякіх шанцаў, што гэта спрацуе. У яго не было найменшага паняцьця, як выглядаў праход у пячоры», — сказаў дайвэр.

Маск адказаў яму ў твітэры, што зробіць відэа, якое пакажа, як міні-падлодка дабіраецца да пячоры, пасьля чаго назваў брытанца пэдафілам (у арыгінале — pedo guy). Пазьней кіраўнік Tesla зазначыў, што на гэтую думку яго навёў той факт, што Ансварт жыў у Тайляндзе.

Празь некаторы час мільярдэр выдаліў гэтыя твіты, а яшчэ празь некаторы час папрасіў прабачэньня, і, здавалася, канфлікт быў вычарпаны. Дзеці былі выратаваныя, дайвэр з Гэртфардшыра стаў героем і публічна абвясьціў, што не трымае зла на прадпрымальніка.

Аднак у пачатку верасьня стала вядома, што Маск напісаў некалькі лістоў журналістам парталу BuzzFeed. У іх ён яшчэ раз назваў Ансварта «гвалтаўніком дзяцей» (child rapist) і апісаў яго як «старога самотнага мужыка з Англіі, які рэгулярна езьдзіў у Патаю (вядомы тайляндзкі курорт, вядомы ў тым ліку сваёй сэкс-індустрыяй) і ажаніўся з непаўналетняй: ёй тады было ўсяго 12 гадоў». Таксама ён выказаў здагадку, што жанчына, зь якой ажаніўся Ансварт, была ўцягнутая ў сэкс-гандаль.

«Няхай падае на мяне ў суд», — таксама напісаў мільярдэр у адным зь лістоў, якія апублікавалі журналісты.

Жонка Ансварта, тайка з паходжаньня, паводле яе ўласных словаў, прыйшла «у шаленства» ад гэтых сьцьвярджэньняў Маска. Яна напісала ў сацсетках, што ёй сорак гадоў, і што Ансварт не жаніўся на ёй, калі ёй было 12 гадоў. СМІ, зь якімі яна мела зносіны, паведамілі, што яна ўладальніца манікюрнага салёну, а з Вэрнанам пазнаёмілася ў Лёндане.

Сам Ансварт заявіў, што ў Патаі ніколі ня быў, «як і ў іншых месцах Тайлянду з падобнай рэпутацыяй».

«Вэрн — вельмі добры чалавек. Ён ніколі ні з кім ня сварыцца, і ўсе яго любяць, — напісала ягоная жонка. — Калі б ён ня быў такім добрым хлопцам, мы зь ім не былі б разам».

Пасьля другога раўнду абвінавачваньняў з боку Маска, Ансварт усё ж вырашыў падаць у суд на мільярдэра і ўжо наняў для гэтага амэрыканскага юрыста Лусіяна Вуда. Паводле брытанца, ён зьбіраецца падаць пазоў аб паклёпе адразу ў трох краінах: Тайляндзе, ЗША і Вялікабрытаніі. У Тайляндзе паклёп зьяўляецца сур’ёзным злачынствам і можа прывесьці да турэмнага зьняволеньня.

«Маск можа хоць сотню разоў напісаць у твітэры сваю брудную хлусьню, і ўсё роўна гэта будзе хлусьня, — падкрэсьліў былы фінансіст. — пэдафілія — гэта занадта сурʼёзнае абвінавачаньне, каб пакідаць яго без пакараньня». Ён таксама заявіў, што тое, у чым яго абвінаваціў Маск, «на 100% хлусьня» і «моцна яго закранула».

На першым скандале з Ансвартам Маск страціў амаль $ 2 млрд: акцыі ягонай кампаніі Tesla ўпалі на больш як 3,5%. Пазьней, аднак, яны зноў вырасьлі ў цане. З чым зьвязаны новы раўнд абвінавачваньняў супраць брытанскага дайвэра — невядома. Аднак у сярэдзіне жніўня Маск прызнаўся ў твітэры, што ўжывае антыдэпрэсанты і цярпіць на рэзкія перамены настрою, зьвязаныя зь велізарным стрэсам, які ён адчувае. Калі ж адзін зь ягоных чытачоў наўпрост задаў яму пытаньне, ці не цярпіць ён на біпалярны разлад, мільярдэр адказаў: «Так». Пазьней гэты трэд таксама быў выдалены з твітэру

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG