Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна вінаваціць у атрутных выкідах у Крыме Расею, Крым — Украіну

Украінская выведка назвала сваю вэрсію таго, што адбылося ў горадзе Армянску ў Крыме, дзе людзі скардзіліся на дзіўныя выкіды і тое, што многія прадметы на вуліцах пакрыліся дзіўным іржавым налётам.

Як заявіў прадстаўнік Мінабароны Ўкраіны Аляксандар Матузянік, Расея 13-19 жніўня праводзіла вучэньні ў Крыме на мяжы з Хэрсонскай вобласьцю Ўкраіны, і адзін са снарадаў трапіў у адстойнік адкідаў «тытанавага і содавага заводаў»:

«Пасьля патрапленьня снарадаў гэтыя аб’екты былі пашкоджаныя. Гэта прывяло да пагаршэньня экалягічнага становішча на ўсёй поўначы Крыму, — падкрэсьліў ён. — Расейскія ўлады спрабуюць схаваць маштаб экалягічнай праблемы і пазьбегнуць адказнасьці. Яны распаўсюджваюць у СМІ ілжывыя і скажоныя паведамленьні, а таксама дэзінфармуюць грамадзтва наконт рэальнага стану экалягічнай небясьпекі».

У той жа час віцэ-прэмʼер ураду анэксаванага Крыму Дзьмітры Палонскі заявіў, што ў праблемах, якія паўсталі на поўначы паўвострава пасьля хімічнага выкіду з заводу «Крымскі Тытан», вінаватыя ўлады Ўкраіны. Паводле яго, менавіта яны перакрылі падачу вады ў анэксаваны Крым праз Паўночна-Крымскі канал, які ішоў ад Дняпра. І гэта ня толькі выклікала засуху ў Крыме, але і прывяло да рэзкага падзеньня ўзроўню ў возеры, якое выкарыстоўваў для прамысловых адкідаў завод «Крымскі Тытан» (філія ТАА «Тытанавыя інвэстыцыі»).

«Мы ведаем, што вялікая хімія залежыць ад вялікай вады. Мы выдатна памятаем, хто крымчанам гэтую вялікую ваду адрэзаў. Калі мы чытаем двудушныя публікацыі або артыкулы ўкраінскіх сродкаў масавай інфармацыі ці так званых прадстаўнікоў грамадзкасьці, якія распавядаюць пра тое, што мы тут чамусьці не далі рады сытуацыі, то давайце паглядзім, а хто першапачаткова гэтую сытуацыю з адсутнасьцю вады выклікаў на тэрыторыі рэспублікі», — сказаў Палонскі.

Ён яшчэ раз падкрэсьліў, што хімічная вытворчасьць патрабуе вялікага абʼёму вады:

«Калі мы возьмем за 100% увесь абʼём вады, які выдаткоўваецца за суткі ў Армянску, то толькі 40% ідзе на жыцьцядзейнасьць самога гораду, а 60% — гэта тая вада, якая ідзе на гэтыя прадпрыемствы. Гэта асноўная маса вады. Але ў нас дасьведчаны спэцыялісты — і фэдэральныя, і нашы мясцовыя, таму я думаю, што рашэньне ў любым выпадку будзе знойдзенае», — адзначыў віцэ-прэмʼер рэспублікі.

Па стане на 5 верасьня Міністэрства экалёгіі і прыродных рэсурсаў Крыму прапанавала выкарыстоўваць для напаўненьня возера з хімічнымі адкідамі марскую ваду з Каркініцкай затокі. Яна, паводле папярэдніх вынікаў, падыходзіць для абмежаваньня праблемы шкодных выпарэньняў, паведаміла ў часе нарады ў Армянску намесьнік міністра экалёгіі і прыродных рэсурсаў рэспублікі Натальля Салагуб.

Першыя скаргі на дзіўныя выкіды і жоўты «іржавы» налёт на мэталічных прадметах зьявіліся ў жыхароў паўночнакрымскіх гарадоў Армянску і Краснаперакопску ў ноч на 24 жніўня. Мясцовыя жыхары расказвалі, што ў Армянску літаральна за суткі пакінутыя на вуліцы мэталічныя прадметы пакрыліся іржой. У людзей пачало дзерці ў горле, узьнікла слабасьць, а скура пакрылася высыпкамі, падобнымі да алергічных. Загінуў таксама ўраджай садавіны і гародніны.

Апошнімі днямі сытуацыя пагоршылася яшчэ больш. Людзі сьцьвярджаюць, што ў горадзе «немагчыма дыхаць», многія носяць маскі.

Крымчане выказалі здагадку, што прычынай ржавага налёту сталі выкіды з заводу «Крымскі Тытан», які знаходзіцца ў Армянску. Кіраўнік Крыму Сяргей Аксёнаў 28 жніўня пацьвердзіў гэтую вэрсію і назваў рэчыва, якое патрапіла ў паветра: сярністы ангідрыд. У пачатку верасьня праца заводу «Тытан» была спыненая на два тыдні, а ўлады Крыму вырашылі вывезьці з Армянску ўсіх дзяцей і адправіць іх у санаторыі ў іншыя гарады паўвострава.

Па стане на 5 жніўня з гораду вывезена ўжо больш як чатыры тысячы дзяцей. У школах Армянску на два тыдні абвясьцілі пазаплянавыя вакацыі.

Аднак рэжым надзвычайнай сытуацыі ў Армянску ўлады Крыму пакуль вырашылі ня ўводзіць.

«Ніякай абсалютна панікі, здароўю і жыцьцю грамадзян нішто не пагражае. Пагрозы няма, гэта афіцыйная заява», — некалькі разоў паўтарыў Сяргей Аксёнаў на сустрэчы з жыхарамі Армянску. Тым ня менш сьледчыя распачалі крымінальную справу ў дачыненьні да кіраўніцтва «Тытану» паводле прыкметаў парушэньня правілаў абыходжаньня з экалягічна небясьпечнымі рэчывамі і адходамі.

Да анэксіі Крыму Расеяй у 2014 годзе да 85% прэснай вады на паўвостраў пастаўлялася з тэрыторыі Ўкраіны. Ад 2014 году падача вады па Паўночна-Крымскім канале была спыненая, а папоўніць запасы за кошт бурэньня новых артэзіянскіх сьвідравін расейскія ўлады за чатыры гады так і не змаглі.

XS
SM
MD
LG