Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчыя органы Ўкраіны падслухоўвалі галоўную рэдактарку праграмы Радыё Свабода


Натальля Сядлецкая
Натальля Сядлецкая

27 жніўня Пячэрскі раённы суд Кіева па патрабаваньні Генэральнай пракуратуры даў ёй дазвол атрымаць ад правайдэра інфармацыю па тэлефоне кіраўніцы праграмы журналісцкіх расьсьледаваньняў «Схемы» Радыё Свабода Натальлі Сядлецкай.

У пастанове гаворыцца аб прадстаўленьні доступу сьледзтва да званкоў і смс-паведамленьняў журналісткі зь ліпеня 2016-га па лістапад 2017-га году і да дадзеных аб месцазнаходжаньні яе тэлефона на працягу гэтых 17 месяцаў.

Як адзначае Радыё Свабода, за гэты час рэдакцыя «Схем» ажыцьцявіла і апублікавала шэраг расьсьледаваньняў аб украінскіх чыноўніках, уключаючы дзейнасьць генэральнага пракурора Ўкраіны.

Сядлецкая разам з шэрагам іншых журналістаў праходзіць сьведкай па справе аб магчымым разгалошаньні дзяржаўнай таямніцы і дадзеных дасудовага расьсьледаваньня дырэктарам Нацыянальнага антыкарупцыйнага бюро (НАБУ) Арцёмам Сытнікам.

Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода абуранае рашэньнем украінскага суду, які даў Генэральнай пракуратуры Ўкраіны доступ да інфармацыі па тэлефоне Сядлецкай.

Гэта рашэньне зьяўляецца празьмерным, яно груба парушае міжнародныя стандарты і не адпавядае абавязацельствам Украіны па абароне свабоды друку, адзначыла прэсавая сакратарка Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Джаана Левісан.

Адвакаты радыё рыхтуюць скаргу кіраўніцтву пракуратуры аб «перавышэньні сьледчым межаў дапушчальнага ўмяшальніцтва ў правы асобы на прыватнае жыцьцё і абарону крыніц інфармацыі журналіста, а таксама будуць скардзіцца ў Вышэйшую раду правасудзьдзя на судзьдзю Пячэрскага суду Кіева Вячаслава Підпалага за дапушчаныя парушэньні пры разглядзе справы і вынясеньні неабгрунтаванага рашэньня.

У сьнежні 2017 года Натальлю Сядлецкую выклікалі на шматгадзінны допыт у Генэральную пракуратуру па справе супраць кіраўніка НАБУ. На допыце журналістка спаслалася на прамую норму Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, згодна зь якой журналістаў не могуць дапытваць як сьведкаў аб зьвестках, якія ўтрымліваюць канфідэнцыйную інфармацыю прафэсійнага характару, прадстаўленую пры ўмове невыдаваньня аўтарства або крыніцы інфармацыі.

Натальля Сядлецкая — ляўрэатка шматлікіх журналісцкіх узнагародаў як украінскіх, так і міжнародных. Стыпэндыят прэміі імя Вацлава Гаўла за 2013-2014 акадэмічны год (сумесная праграма Радыё Свабода і МЗС Чэхіі). Пераможца шэрагу конкурсаў журналісцкіх расьсьледаваньняў. Чалец міжнароднай сеткі журналістаў-расьсьледавацеляў Orginized Crime and Corruption Reporting project (OCCRP).

«Схемы: карупцыя ў дэталях» — украінская штотыднёвая тэлевізійная праграма журналісцкіх расьсьледаваньняў і аналітыкі аб карупцыі ў вышэйшых эшалёнах улады, якая выходзіць у эфір з ліпеня 2014 году. Сумесны праект Радыё Свабода і тэлеканала «UA: Першы».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG