У Малайзіі дзьве жанчыны атрымалі па шэсьць удараў палкай за спробу заняцца сэксам у машыне. Раней суд у адным з штатаў на поўначы краіны прызнаў іх вінаватымі ў парушэньні законаў шарыяту. Акрамя таго, кожная жанчына павінна заплаціць штраф у памеры больш за тры тысячы малайскіх рынгітаў (каля 800 даляраў).
Імёны жанчын не публікуюць. Вядома, што адной з іх 32 гады, другой — 22. Паліцыя арыштавала іх сёлета ў красавіку.
Гэта першы ў гісторыі Малайзіі прысуд за аднаполыя адносіны, вынесены жанчынам. За выкананьнем пакараньня назіралі каля 100 чалавек.
ЛГБТ-актывісты і праваабаронцы лічаць, што судзьдзя стварыў небясьпечны прэцэдэнт, бо цялесныя пакараньні закранаюць ня толькі прадстаўнікоў сэксуальных меншасьцяў, але і ўсіх грамадзян Малайзіі. Прадстаўнік малайзійскіх уладаў паведаміў агенцтву Reuters, што пакараньне жанчынам прызначалася не для катаваньняў або траўмаў, а для таго, каб служыць урокам для грамадзтва.
У Малайзіі 61% насельніцтва вызнае іслам. Малайзійскія штаты могуць прымаць законы, заснаваныя на шарыяцкім праве. Законы шарыяту забараняюць любыя аднаполыя адносіны.