У другой палове кастрычніка ў горадзе Замбруў, што ў Падляскім ваяводзтве, пачнецца суд над грамадзянінам Беларусі. Ён абвінавачваецца ў датычнасьці да няшчаснага выпадку з двума ахвярамі.
Як паведамляе Польскае радыё, аварыя адбылася сёлета ў лютым непадалёк ад мясцовасьці Старэ Кшэва, на дарозе S8 Беласток — Варшава. На ўчастку дарогі спыніліся дзьве машыны, зь якіх выйшлі вадзіцелі. У іх і іхныя машыны ўрэзаўся грузавік, якім кіраваў 40-гадовы грамадзянін Беларусі.
Паводле сьледчых, машыны спыніліся, бо паміж кіроўцамі, імаверна, узьнікла сварка адносна паводзін на дарозе.
Беларус быў цьвярозы і добраахвотна пагадзіўся стаць перад судом. Пракуратура абвінавачвае яго ў тым, што ён не праявіў асьцярожнасьці, што і прывяло да няшчаснага выпадку. Беларусу пагражае турэмнае зьняволеньне на 1 год з адтэрміноўкай на 3 гады і штраф 3,6 тыс. злотых (каля 1 тысячы даляраў).