Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Свабода Premium: новы онлайн-часопіс ад Радыё Свабода

Мы запусьцілі новы онлайн-часопіс. Каб вам заўжды было што пачытаць, паглядзець і паслухаць. Пра першы выпуск Свабода Premium, прысьвечаны мінуламу лету, піша дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук.

Паважаныя чытачы,

Што вы робіце? Ня ўвогуле, а ў гэты момант? Як што — канечне, чытаеце вось гэтыя радкі, адкажаце вы. Ня толькі: вы пасылаеце сыгнал. Цэлая галіна сучаснай эканамічнай навукі разглядае амаль любую актыўнасьць чалавека як сыгнал навонкі: я граматны, я дасьведчаны, я цікаўлюся, я сам вырашаю, для мяне важная беларуская мова, незалежная думка, я выбіраю свабоду...

Гэта выдатны сыгнал. Каб яго узмацніць, мы пачынаем гэты часопіс Свабоды — Свабода Premium — калекцыю найлепшых, на нашу думку, публікацыяў, якія з часам ня страчваюць сваю энэргію і значэньне.

​Чым адметная Свабода Premium:

Тут — арыгінальныя публікацыі журналістаў Свабоды за мінулыя тыдні. Мы не перадрукоўваем, ня робім дайджэсты, часам працуем над адной гісторыяй тыдзень, месяц — але за клопатамі дня і вірам падзеяў чытачы не заўсёды пасьпяваюць заўважыць, ацаніць, атрымаць асалоду ад глыбокай, важнай, цікавай журналісцкай працы.

Толькі тут — казкі жыцьця «У адной краіне»: Алесь Пілецкі баіць, што бачыць і як чуе цягам тыдня.

Тут і толькі тут — прэміяваныя працы журналістаў Свабоды, якія атрымалі прафэсійныя ўзнагароды ў мінулыя гады, прызнаныя найлепшымі сярод 26 рэдакцыяў Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа, адзначаныя ў Беларусі і сьвеце.

Да прыкладу, Уладзь Грыдзін так пабачыў і сфатаграфаваў сьвята «Камяніца» ў вёсцы Азярцо пад Менскам, што гэты здымак быў прызнаны найлепшым сярод больш чым ста працаў, дасланых на конкурс рэдакцыяў РС/РСЭ ў 2014 годзе. Журы адзначыла якасьць зьместу, эстэтычную прывабнасьць і тэхнічнае майстэрства аўтара, які здолеў перадаць радасны настрой сьвята.


Тут будзе тое, пра што мы пакуль ня ведаем, бо кожная сапраўдная, вартая справа разьвіваецца і здольная зьдзіўляць і чытачоў, і аўтараў.

Вось і лета прайшло — але на Свабодзе яно не сканчаецца, і першы выпуск часопіса прысьвечаны мінуламу лету — пакуль вы падарожнічалі, адпачывалі, мы працавалі (ня толькі, канечне).

Свабоды не бывае зашмат — прынамсі, калі яна сапраўдная.

У першым выпуску Свабоды Premium

  • Калекцыя летніх казак Алеся Пілецкага пра «адну краіну».
  • Рэпартаж Ігара Карнея зь лібанска-сырыйскага памежжа, адкуль ён нядаўна вярнуўся.
  • Гісторыя гарадзенца, які робіць унікальныя для Беларусі драўляныя машынкі.
  • Фрагмэнт з «кароткага» раману Мойшэ Кульбака «Панядзелак», які пераклаў зь ідышу Сяргей Шупа.
  • Ян Максімюк распавядае, як некалькі месяцаў працаваў сммшчыкам Свабоды на Однаклассніках.
  • Найлепшыя падкасты лета ад Свабоды
  • І процьма іншых цікавых публікацый.

Чытайце, слухайце і глядзіце ТУТ.

XS
SM
MD
LG