Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Дзяржкантроль супраць правак Канапацкай у Зямельны кодэкс


Дэпутатка Ганна Канапацкая ў Палаце прадстаўнікоў (архіўнае фота)
Дэпутатка Ганна Канапацкая ў Палаце прадстаўнікоў (архіўнае фота)

Камітэт дзяржаўнага кантролю ня згодны са зьмяненьнямі і дапаўненьнямі да «Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб зямлі», якія падрыхтавала апазыцыйная дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая.

Паводле заключэньня камітэту, які выступае ў якасьці аднаго з абавязковых экспэртаў гэтых прапановаў, праўкі Канапацкай зробленыя ў інтарэсах землекарыстальнікаў і «пазбаўляюць дзяржаву важных мэханізмаў рэгуляваньня зямельных адносін».

Канапацкая: Камітэт дзяржкантролю баіцца застацца бяз працы

«Значыць, перакосы на карысьць паўнамоцтваў улады — гэта нармальна, а абарона інтарэсаў землекарыстальнікаў — гэта пазбаўленьне мэханізмаў рэгуляваньня і кантролю?! І гэта пры тым, што ўлада ўвесь час паўтарае, што будуе сацыяльна-арыентаваную дзяржаву. Верагодна, Камітэт дзяржкантролю баіцца застацца бяз працы пасьля правядзеньня лібэральных рэформаў. А яны ня проста насьпелі ў нашай краіне, а патрабуюць неадкладнага выкананьня», — лічыць Ганна Канапацкая.

Падрыхтаваць зьмены і дапаўненьні ў «Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб зямлі» дэпутатку падштурхнулі канфлікты, якія ўзьнікаюць з прычыны недасканаласьці зямельных праваадносін, паміж грамадзянамі, у прыватнасьці прадпрымальнікамі, і дзяржавай.

Свой законапраект Канапацкая накіравала ў розныя дзяржаўныя органы, навуковыя арганізацыі, бізнэс-саюзы, каб атрымаць іх экспэртныя заключэньні. Бяз гэтага, згодна з рэглямэнтам працы Палаты прадстаўнікоў, дакумэнт нельга выносіць на абмеркаваньне дэпутатаў.

Што прапануе Канапацкая

  • Ліквідаваць абмежаваньні ў выкарыстаньні зямельных участкаў.
  • Скараціць падставы для іх канфіскацыі.
  • Ліквідаваць няроўнасьць у правах розных землекарыстальнікаў пры ажыцьцяўленьні гаспадарчай і іншай дзейнасьці.
  • Выключыць выпадкі пазасудовай канфіскацыі зямельнага ўчастку дзяржавай у землекарыстальніка.
  • Выключыць нормы аб забароне дзяліць зямельны ўчастак.
  • Зьняць абмежаваньні на прызначэньне зямельнага ўчастка, якім можа валодаць грамадзянін на правах уласнасьці.
  • Выключыць плату за права заключэньня дамовы арэнды.
  • Выкарыстоўваць маёмасныя падаткі і арэндную плату выключна на разьвіцьцё адпаведных тэрыторый.

«Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб зямлі» дзейнічае з 23 ліпеня 2008 году. Апошнія зьмяненьні і дапаўненьні ў Зямельны кодэкс былі прынятыя ў 2015 годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG