Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аршанскі суд прызнаў надпісы на адзеньні футбольнага фаната экстрэмісцкімі


Футбольны фанат Аляксей Сукорскі

Аршанскі суд на паседжаньні 30 жніўня прызнаў экстрэмісцкім зьмест двух надпісаў з абрэвіятурамі на вопратцы футбольнага фаната. Міліцыянты заўважылі іх на шапцы і куртцы 19-гадовага Аляксея Сукорскага падчас матчу чэмпіянату Беларусі ў першай лізе паміж камандамі Воршы і Ліды 9 чэрвеня.

Абрэвіятуры прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі незалежна ад спосабу іх выкарыстаньня

Судзьдзя Натальля Байцова грунтавалася на высновах, зробленых кандыдатам гістарычных навук Аляксандрам Дзядзінкіным. Менавіта яго абралі ў якасьці экспэрта супрацоўнікі аршанскага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй.

Спадар Дзядзінкін, які спэцыялізуецца па гісторыі савецкага пэрыяду, убачыў у дзьвюх абрэвіятурах экстрэмісцкі зьмест. На ягоную думку, скарачэньні на нашыўках (адна значыць «усе міліцыянты — кепскія людзі», другая заклікае забіваць міліцыянтаў нажом) былі накіраваныя на распальваньне варожасьці па сацыяльнай прыкмеце. У прыватнасьці, варожасьці «прадстаўнікоў моладзевых альтэрнатыўных субкультур супраць супрацоўнікаў праваахоўных органаў».

Экспэрт лічыць, што абрэвіятуры нясуць пагрозу экстрэмізму незалежна ад спосабу іх выкарыстаньня — у любым выглядзе. Суд зь ім пагадзіўся, не падтрымаўшы тлумачэньня Аляксея Сукорскага, што гэта былі ўсяго толькі літары на элемэнтах ягонага адзеньня.

У Аляксея Сукорскага забралі тэлефон і робяць ператрус

Яшчэ пасьля першага судовага пасяджэньня 28 жніўня судзьдзя Натальля Байцова патлумачыла хлопцу, што суд за нашыўкі яму не пагражае. Бо іх канфіскавалі раней, чым суд прыняў рашэньне наконт наяўнасьці ў абрэвіятурах экстрэмісцкага зьместу.

Сёньня, па заканчэньні судовага працэсу, міліцыянты сказалі Аляксею Сукорскаму, што працягнуць тэрмін праверкі ягонага тэлефона, забранага пасьля чэрвеньскага затрыманьня. А потым павезьлі яго дахаты, каб у ягонай прысутнасьці зрабіць ператрус. Паводле хлопца, яму патлумачылі, што шукаюць падставаў, каб распачаць супраць яго крымінальную справу паводле артыкула 130 («Распальваньне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасьці»).

У адпаведнасьці з палажэньнямі гэтага артыкула вінаватаму пагражае штраф, арышт або абмежаваньне ці пазбаўленьне волі на тэрмін да 5 гадоў.

Што будзе, калі абрэвіятуры трапяць у сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў Міністэрства інфармацыі

Паводле заканадаўства, Аляксей Сукорскі мае 10 сутак, каб абскардзіць судовае рашэньне. У гэтым яму была б патрэбная дапамога адваката, але хлопец кажа, што ня ў стане аплаціць ягоныя паслугі. Аляксей нядаўна скончыў сельскагаспадарчы каледж і робіць трактарыстам.

Калі аспрэчыць рашэньне суду ня ўдасца, яго накіруюць у Міністэрства інфармацыі, каб згаданыя абрэвіятуры там уключылі ў сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Юрыст ГА «БАЖ» Алег Агееў мяркуе, што дадзены выпадак можна расцэньваць як бязглузьдзіцу, празь якую марнуюцца час, нэрвы і дзяржаўныя сродкі.

Алег Агееў
Алег Агееў

«Калі адна з абрэвіятураў складаецца ў назву папулярнай жывёліны, то, умоўна кажучы, зьявяцца падставы караць любога, хто пра яе напіша. І адно, і другое скарачэньне можна расшыфраваць дзясяткам спосабаў — ад „All Cats Are Beautiful“ да „Солдат Любит Общефизическую Нагрузку“. Калі прычапіцца да нейкага аднаго з варыянтаў расшыфроўкі ды пачаць адсочваць абрэвіятуры, напрыклад, у СМІ, то гэта відавочны ўціск свабоды слова», — лічыць юрыст.

Алег Агееў перакананы, што ўмяшаньне ў дзеяньне прынцыпу свабоды слова можа быць апраўданым, калі пагроза экстрэмізму рэальная. Дзяржава павінна жорстка рэагаваць на выклікі, калі яны насамрэч пагражаюць дзяржаўнаму ладу, жыцьцю і здароўю грамадзян. Але калі гаворка ідзе пра літары на нашыўках, то намаганьні прызнаць іх праявай экстрэмізму выглядаюць непераканаўча.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG