Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Розныя маршалы нацыі і дзяржавы


Пахаваньне Алеся Ліпая ў Рудзенску

Калісьці ў вершы «Вайсковыя могілкі ў Менску» Рыгор Семашкевіч напісаў пра пахаваных там паэтаў: «тут маршалы нацыі сьпяць». Высока, ганарова, хоць і крыху мілітарна, але па сутнасьці слушна.

Пра гэта мне думаецца, згадваючы мастака і паэта Міхала Анемпадыстава, харавіка Кірылу Насаева і журналіста Алеся Ліпая, якіх аб’ядналі ня толькі аднолькавы ўзрост і заўчасная сьмерць у 2018-м. Яны і былі маршаламі беларускай нацыі, улічваючы маштаб асобаў і даробку. Толькі розныя ў нас у нацыі і ў дзяржавы маршалы.

Разьвітаньне зь Міхалам Анемпадыставым
Разьвітаньне зь Міхалам Анемпадыставым

Не, не зусім так. Усё, што яны рабілі, было безумоўна на карысьць беларускай дзяржаве, але ўся іх дзейнасьць і плён і сьмерць прайшлі па-за ўвагаю таго, што мы ў Беларусі называем дзяржавай.

Першы стварыў «Народны альбом» і быў аўтарытэтам для цэлай арміі беларускіх творцаў, ня кажучы пра гледачоў і слухачоў. Другі стварыў мужчынскі хор «Унія» і выгадаваў цэлую армію музыкаў. Трэці стварыў інфармацыйнае агенцтва БелаПАН і «камандаваў» цэлай арміяй недзяржаўных журналістаў. Гэта іх найбольш значныя праекты, разьлічаныя на далёкую пэрспэктыву. Тое, што мусіць даваць безумоўную карысьць беларускай нацыі і дзяржаве ў пляне асьветы і прэстыжу ў сьвеце. Калі адораны чалавек робіць нешта з поўнай аддачай — гэта заўсёды ўздымае агульны творчы дух людзей, што спрыяе поступу ва ўсіх галінах жыцьця.

І вось што думаецца пра трох дзяржаўных будаўнікоў і шырэй — пра творцаў-дзяржаўнікаў, і далей — пра стаўленьне да іх таго, што мы ў Беларусі называем дзяржавай. Тут нават не пра недаацэненасьць іхнага плёну і іхных асобаў гаворка. І нават не пра ігнараваньне, а пра рэальную перашкоду як пры жыцьці, так і пасьля сьмерці. Усе трое ішлі праз навалены дзяржавай буралом ад дробных пакасьцяў і праблем да адкрытых забаронаў. На добры лад, іх спадчынай мусілі займацца дзяржаўныя камісіі, меліся зьявіцца іхныя вуліцы і помнікі. Я ўжо не кажу, што дзяржаўныя мэдыя павінны былі шырока асьвятляць іхны сыход. Але нічога гэтага няма, і ўсё, што робіцца, робяць самі людзі і недзяржаўныя мэдыя.

Кірыла Насаеў, стваральнік хору «Унія»
Кірыла Насаеў, стваральнік хору «Унія»

Такая сытуацыя, на жаль, характарызуе дзяржаву, якую ніяк не назавеш беларускай. Наскрозь прарасейская, яна сама сабе пачуваецца адной з расейскіх губэрняў і бачыць сваю задачу ў тым, каб тут не было нацыі. Ні беларускай, ніякай іншай. Каб было, як дзе-небудзь у Варонежы, дзе насельніцтва не пачуваецца самастойнай нацыяй і ня мае асобнай мовы і культуры.

Але ў Беларусі ёсьць нацыя, мова і культура — што і сьцьвярджалі ўсім сваім жыцьцём і Анемпадыстаў, і Насаеў, і Ліпай. Нацыя стварае сваю дзяржаву дзеля незалежнага існаваньня. Выходзіць, дзяржава ў Беларусі — як пазаматкавая цяжарнасьць, у выніку якой настае бясплоднасьць. Яна як сэпаратыст, які захапіў уладу ў інтарэсах іншай нацыі і дзяржавы. Яе плады — паралізаваныя законы і бяспраўнасьць чалавека, засільле і ўседазволенасьць сілавікоў, карупцыя чыноўнікаў, якая стала нормай. Пажыўнае асяродзьдзе для ўсяго гэтага — тое, што беларусы не пачуваюцца нацыяй, ня маюць годнасьці. Не пачуваюцца ў тым ліку таму, што ў тэатрах нармальна ня йдзе «Народны альбом», не выступае з патрыятычнымі сьпевамі хор «Унія» і сам лёс БелаПАНу пад пытаньнем.

Сапраўдны маршал — па-над генэралітэтам, ён ужо большы за проста вайскоўца, бо мае місію. Семашкевіч напісаў свой верш у 1970-я. Можам параўнаць зь сёньняшнім днём. Панявечаныя вайсковыя могілкі і маршалы, пахаваныя на задворках… Як да гэтага ставіцца? Семашкевіч у канцы верша даў параду:

І не пры магільным граніце,

А скрозь на вялікай зямлі

Любіце паэтаў, любіце!

Іх так ненавідзець маглі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG