З тэрыторыі Данецкай вобласьці Ўкраіны, кантраляванай прарасейскімі сэпаратыстамі так званай «ДНР», украінскія спэцслужбы вывезьлі былога высокапастаўленага прадстаўніка «ДНР» Юрыя Лекстуцеса.
Як паведамілі ў Службе бясьпекі Ўкраіны, ён сам зьвярнуўся да ўкраінскіх спэцслужбаў з просьбай дапамагчы яму пакінуць Данецк у рамках праграмы «Цябе чакаюць дома».
Супраць Лекстуцеса на тэрыторыі Ўкраіны ўзбуджаная крымінальная справа. Праграма «Цябе чакаюць дома» прадугледжвае амністыю для тых чальцоў сэпаратысцкіх фармаваньняў, якія гатовыя перадаць сябе ў рукі ўкраінскіх уладаў і супрацоўнічаць з імі.
Паводле СБУ, Лекстуцес удзельнічаў у арганізацыі так званага «рэфэрэндуму» ў Данецкай вобласьці ў траўні 2014 году, займаў пасаду «міністра культуры і турызму ДНР», ня раз выступаў на расейскім тэлебачаньні. Пасля ён, як паведамляецца, пакінуў шэрагі сэпаратыстаў і нават, паводле ўкраінскіх СМІ, нейкі час правёў у Данецку пад вартай — яго ўтрымлівалі былыя «паплечнікі».
Як паведамляе СБУ, Лекстуцес даў паказаньні аб кіруючай ролі Расеі ў дзейнасьці так званай «ДНР». Шэраг украінскіх СМІ раней ўжо распаўсюдзілі яго расповеды пра жыцьцё ў Данецку і ўзаемадзеяньні сэпаратыстаў з расейскімі прадстаўнікамі.