Лінкі ўнівэрсальнага доступу

AP: расейскія хакеры спрабавалі ўзламаць пошту Канстантынопальскага патрыярхату


Патрыярх Варфаламей

Хакерская група Fancy Bear з 2015 году спрабавала ўзламаць электронныя рэсурсы Канстантынопальскага патрыярха Варфаламея і іншых праваслаўных герархаў, — паведаміла агенцтва Associated Press.

Паводле агенцтва, атака была праведзена 16 кастрычніка 2017 году. Карыстальнікі атрымалі «траян» ў лісьце, адпраўленым з адрасу прэс-сакратара патрыярха Варфаламея Нікаса-Гіоргаса Папакрысту:

«Дарагія Герархі, Айцы, Браты і Сёстры ў Хрысьце! — гаварылася ў фальшывым лісьце. — Нядаўна мяне павысілі да Дырэктара па камунікацыях Патрыярхату. Для мяне вельмі вялікая радасьць служыць Царкве на гэтай пасадзе. Некаторыя прапановы аб тым, як наладзіць адносіны з грамадзкасьцю і прэсай, прыводзяцца ў прыкладзеным файле».

Укладзены файл, на думку дасьледчыкаў, актываваў шпіёнскую праграму. Сам Папакрысту заявіў, што ліста не пасылаў, і ад каго ён прыйшоў насамрэч — дагэтуль невядома. Пры гэтым некалькі служыцеляў Патрыярхату, з якімі мелі зносіны журналісты агенцтва, адзначылі, што хакеры ведалі як «жаргон», на якім размаўлялі сьвятары, так і стан рэчаў ўнутры структуры, і ў прыватнасьці, аб прызначэньні Папакрысту.

«Той, хто гэта зрабіў, відавочна нас ведае», — заявіў адзін з іх.

Іншая тактыка, якую выкарыстоўвае Fancy Bear — фішынг: ліст хакера адпраўляе ахвяру на фальшывую старонку электроннай пошты, дзе прапануецца ўвесьці пароль. Займеўшы пароль, хакеры выкрадаюць дадзеныя пошты. Сьледчыя ў ЗША лічаць, што менавіта так Fancy Bear скрала дадзеныя Дэмакратычнай партый ЗША і асабіста кандыдаткі ў прэзыдэнты ад гэтай партыі Гілары Клінтан перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2016 году.

Амэрыканскія спэцслужбы лічаць, што групоўка Fancy Bear зьвязаная з супрацоўнікамі расейскай вайсковай выведкі ГРУ. Менавіта гэтую групоўку зьвязваюць з нападамі ў інтарэсах расейскіх уладаў: на сэрвэры нямецкага Бундэстагу ў 2015 годзе, узломам буйных кампаній вайскова-прамысловага комплексу ЗША і сачэньнем за францускім прэзыдэнтам Эмануэлем Макронам. Да высновы пра сувязь Fancy Bear і ГРУ раней таксама прыйшлі экспэрты з аналітычнай кампаніі Crowdstrike, якая займаецца кібэрбясьпекай. Улады Расеі падтрымку Fancy Bear неаднаразова адпрэчвалі.

Спробы ўзлому пошты царкоўных герархаў могуць быць зьвязаныя з тым, што ўкраінскія ўлады нядаўна папрасілі архіяпскапа Канстантынопалю даць аўтакефалію Праваслаўнай царкве ва Ўкраіне і вывесьці яе з прамога падпарадкаваньня Расейскай праваслаўнай царквы. Вярхоўная Рада Ўкраіны ў красавіку таксама падтрымала гэты зварот да архіяпіскапу Канстантынопалю, Усяленскага патрыярха Варфаламея.

«Гаворка ідзе аб нашай канчатковай незалежнасьці ад Масквы. Тут не толькі рэлігія, тут — геапалітыка... Гэта пытаньне нацыянальнай бясьпекі і нашай абароны ў гібрыднай вайне, таму што Крэмль разглядае РПЦ як адзін з ключавых інструмэнтаў уплыву на Украіну», — патлумачыў просьбу аб аўтакефаліі прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка.

У РПЦ рашэньне ўкраінскіх уладаў не камэнтавалі, але ў Крамлі заявілі, што ўкраінскія ўлады займаюцца «расколам цэркваў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG