Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Палесьсі гараць Альманскія балоты — самы вялікі ў Эўропе комплекс некранутых балот

абноўлена

Альманскія балоты, ліпень 2018
Альманскія балоты, ліпень 2018

Пяць з паловай гадзін супрацоўнікі лясной аховы спрабуюць патушыць пажар на Альманскіх балотах, што на Берасьцейшчыне. Прычынай узгараньня магла стаць незатушаная цыгарэта, паведамілі ў Міністэрстве лясной гаспадаркі.

Альманскія балоты — найбуйнейшы ў Эўропе комплекс верхавых, пераходных і нізінных балот, якія захаваліся да нашых дзён у натуральным стане (не пацярпелі ад мэліярацыі). Ён займае 94 тысячы гектараў.

Альманскія балоты маюць статус водна-балотнага ўгодзьдзя міжнароднага значэньня з 2001 году і ахоўваюцца Рамсарскай канвэнцыяй. У межах комплексу дзейнічае ляндшафтны заказьнік рэспубліканскага значэньня «Альманскія балоты», на тэрыторыі якога жывуць некалькі дзясяткаў відаў зьвяроў і птушак, занесеных у Чырвоную кнігу.

Плошча пажару пакуль удакладняецца. На момант прыбыцьця першага падразьдзяленьня з працаўнікоў лясной аховы Палескага лясгасу ачаг ўзгараньня ўжо складаў 5 гектараў.

Пажар выявіў дырэктар «Палескага лясгасу» падчас патруляваньня гаспадаркі.

​Паводле папярэдняй інфармацыі, прычынай узгараньня стала парушэньне правілаў пажарнай бясьпекі. Магчыма, незатушаная цыгарэта.

На момант публікацыі ў ліквідацыі пажару задзейнічаныя:

  • 18 супрацоўнікаў «Палескага лясгасу»;
  • супрацоўнікі Столінскага і Лунінецкага лясгасу;
  • усюдыход.

«Сытуацыю ўскладняе адсутнасьць лесагаспадарчых дарог. На дадзены момант дабрацца да ачагу ўзгараньня можна толькі пешшу ці на ўсюдыходзе. Акрамя таго, хуткаму распаўсюджваньню агню спрыяе моцны вецер», — гаворыцца ў паведамленьні Мінлясгасу.

Цяпер праз Рэспубліканскі ляндшафтны заказьнік «Альманскія балоты» будуюць дарогу, здаць плянуюць у верасьні. Яе кошт — 1 мільён даляраў. 14 кілямэтраў грунтовай дарогі пракладаюць праз натуральнае балота.​

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG