Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 15 кінатэатрах Менску да 1 верасьня пакажуць новы сямейны фільм па-беларуску


На адным з паказаў «Кінаконг»
На адным з паказаў «Кінаконг»

Да новага навучальнага году, з 30 жніўня па 12 верасьня ў Менску пакажуць фільм на беларускай мове для ўсёй сям’і «Мой сябар жырафа» рэжысэркі Барбары Брэдэра (Нідэрлянды). Пераклад і беларускі дубляж фільму ў межах праекту «Беларускія ўікэнды» выканала каманда «Кінаконг» пры падтрымцы кампаніі velcom.

Спэцыяльны прэм’ерны паказ з удзелам амбасадара Каралеўства Нідэрляндаў у Беларусі Паўла ван Ааствэйна адбудзецца ў кінатэатры «Масква» 30 жніўня ў 19:00.

Пра што фільм

«Мой сябар жырафа» — гэта гісторыя пра моцнае сяброўства звычайнага хлопчыка і гаварушчай жырафы па мянушцы Раф. Галоўны герой фільму, Дзікечэ Дап — будучы першаклясьнік, і з Рафам яны не разьлі вада: разам вырасьлі і разам хочуць пайсьці ў школу. Але вось няўдача: дарослыя лічаць, што жырафе школа непатрэбная, і ў першую клясу Дзікечэ пойдзе адзін. Як сябры справяцца з гэтым выклікам, ці зможа Раф пайсьці ў школу разам з гарэзам Дзікечэ і як правяраецца сапраўднае моцнае сяброўства, можна даведацца з новага фільму, зьнятага паводле твору нідэрляндскай казачніцы Ані Шміт.

Дзе яго пакажуць

Стужку пакажуць у 15 кінатэатрах — «Аўрора», «Беларусь», «Дом кіно», «Кіеў», «Мір», «Кастрычнік», «Піянэр», «Ракета», «Салют», «Цэнтральны» і Falcon club, а таксама ў кінатэатрах сеткі Silver Screen.

«Той факт, што фільмы „Беларускіх уікэндаў“ дэманструюцца ў кінатэатрах па ўсім горадзе, сьведчыць пра тое, што праект выйшаў на новы ўзровень», — сказаў начальнік аддзелу карпаратыўных камунікацый velcom Мікалай Брэдзелеў.

«З кожным новым фільмам мы імкнёмся зрабіць так, каб глядзець кіно на беларускай мове прыходзілі ня толькі тыя, хто ўвесь час на ёй размаўляе, але і тыя, хто хацеў бы чуць родную мову часьцей. „Мой сябар жырафа“ — гэта вельмі добрая, павучальная гісторыя для ўсёй сям’і, ідэальны фільм для паходу ў кіно 1 верасьня», — лічыць кіраўнік праекту «Беларускія ўікэнды» Андрэй Кім.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG