Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады ЗША дэпартавалі 95-гадовага ахоўніка канцлягеру ў Трэблінцы


Высылка габрэяў у канцлягер Трэблінка на тэрыторыі Польшчы, сакавік 1943
Высылка габрэяў у канцлягер Трэблінка на тэрыторыі Польшчы, сакавік 1943

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў указ аб дэпартацыі Якава (Якуба) Палія, этнічнага ўкраінца, які да Другой сусьветнай вайны жыў у горадзе Каламыя на тэрыторыі Польшчы, а пасьля захопу краіны Нямеччынай працаваў ахоўнікам у канцлягеры Трэблінка.

«Прэзыдэнт Трамп загадаў ICE [Іміграцыйнай і мытнай паліцыі ЗША — РС] дэпартаваць ваеннага злачынца з тэрыторыі ЗША, — сказана ў заяве Белага дому. — Нягледзячы на рашэньне, прынятае судом аб яго дэпартацыі, колішняе кіраўніцтва краіны ня выслала яго з краіны. Прэзыдэнт Трамп зрабіў яго дэпартацыю прыярытэтнай задачай з мэтай абароны свабоды тых, хто перажыў Галакост і іх сем’яў. Гэта павінна паслаць наступны сыгнал: улады ЗША ня маюць намеру цярпець тых, хто спрыяў нацысцкім злачынствам і іншым парушэньням правоў чалавека, і гэтыя людзі ня знойдуць прытулку на тэрыторыі ЗША».

Палію 95 гадоў. Ён жыў у Нью-Ёрку ў раёне Куінз і перасоўваўся ў інваліднай калясцы. Агенты памежнай службы вынеслі яго з дома на насілках і павезлі ў карэце хуткай дапамогі, — перадае ABC.

Пазьней агенцтва Associated Press паведаміла, што Палія дэпартавалі ў Нямеччыну.

Палій прыехаў у ЗША у 1949 годзе, прычым пры ўезьдзе скрыў сваё нацысцкае мінулае. Ён заявіў, што пры нацыстах працаваў на фэрме, быў сталяром і ніколі не служыў у войску. У 1957 годзе ён атрымаў амэрыканскае грамадзянства. У 1993 годзе, калі пачалі справу аб яго дэпартацыі, ён заявіў прадстаўнікам Міністэрства юстыцыі: «Я б ніколі не атрымаў візу, калі б сказаў праўду. Усе хлусілі».

Мінулае Палія было раскрытае дзякуючы Цэнтру Сымона Візэнталя, які займаўся вышукам былых нацысцкіх злачынцаў па ўсім сьвеце. Сам Палій сьцьвярджаў, што яму было толькі 18 гадоў, калі гітлераўцы захапілі вёску ў Польшчы, дзе ён жыў, і заяўляў, што «ніколі ня быў памагатым нацыстаў» і асабіста нікога не забіваў.

У 2003 годзе Палій быў пазбаўлены амэрыканскага грамадзянства паводле рашэньні суду — за ўтойваньне фактаў, што падчас Другой сусьветнай вайны ён служыў у СС і быў ахоўнікам у Трэблінцы, а таксама працаваў у трэніровачным лягеры СС у Траўніках. Аднак пасьля рашэньня суду ён амаль 15 гадоў працягваў жыць у ЗША і ня быў дэпартаваны, нягледзячы на масавыя пратэсты габрэяў, якія праходзілі каля кватэры Палія ў Нью-Ёрку.

У рашэньні, вынесеным іміграцыйным судзьдзём, было сказана, што ён павінен быць дэпартаваны «у Нямеччыну, Польшчу, Украіну ці любую іншую краіну, якая пагодзіцца яго прыняць». Улады самой Нямеччыны доўгі час не хацелі прымаць Палія, але ў выніку ён будзе дэпартаваны менавіта ў Нямеччыну: на думку Белага дому, гэта стане «ўмацаваньнем сумесных сувязяў з ключавым эўрапейскім партнэрам».

Лягер у Трэблінцы знаходзіўся за 80 кілямэтраў ад Варшавы. Так званы «Лягер сьмерці» Трэблінка-2 існаваў ад 22 ліпеня 1942 да кастрычніка 1943. Паводле розных ацэнках, усяго ў лягеры было забіта ад 750 да 810 тысяч чалавек. У пераважнай большасьці (99,5%) ахвяры былі габрэямі з Польшчы, каля 2 тысяч — цыганамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG