Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы ўзроставы парог, інтэрнэт-казіно. Што зьменіцца ў гульнёвым бізнэсе Беларусі


Рэкляма казіно

Аляксандар Лукашэнка 7 жніўня выдаў указ «Аб удасканаленьні і праўным рэгуляваньні гульнёвага бізнэсу». Пра тое, што зьменіцца адпаведна новаму дакумэнту, расказаў журналістам намесьнік міністра падаткаў і збораў Уладзімер Муквіч.

  1. Падвышаецца ўзрост, зь якога грамадзянін Беларусі можа ўдзельнічаць у гульнёвым бізнэсе. Калі раней можна было гэтым займацца ад 18 гадоў, то цяпер узроставы парог падымаецца да 21 году.
  2. Цяпер абавязковыя відэакамэры. Прычым ня проста ў гульнёвай залі, а ва ўсіх месцах, пачынаючы ад уваходу і заканчваючы пунктам выплаты грошай.
  3. Супрацоўнікі падатковых органаў атрымліваюць больш правоў на доступ у гульнёвыя залі. Такім чынам павялічваецца дадатковы кантроль.
  4. Могуць выкарыстоўвацца толькі гульнёвыя апараты, якія прайшлі адмысловы кантроль.
  5. Уладальнікі казіно атрымалі права адкладаць выплату выйгрышу ў выпадках, калі гульнёвы аўтамат выйшаў са строю. У такіх выпадках прадугледжана, што будзе высьвятляцца, з чыёй віны зламаўся аўтамат, бо бываюць выпадкі, калі яго спэцыяльна псуюць удзельнікі гульні.
  6. Уводзіцца так званае інтэрнэт-казіно. Яно пачынае дзейнічаць ад 1 красавіка 2019 году. А яшчэ праз два гады падатковыя органы змогуць блякаваць інтэрнэт-сайты з гульнямі, калі яны не атрымаюць адпаведных ліцэнзіяў.
  7. Уладальнікаў казіно абавязалі ўвесьці надзвычай высокую ступень абароны зьвестак пра ўдзельнікаў гульні. Гэтая інфармацыя павінна быць канфідэнцыйнай і не выдавацца іншым асобам.

Намесьнік міністра патлумачыў, на якіх умовах могуць арганізаваць гульнёвы бізнэс іншаземцы. Ні юрыдычныя, ні фізычныя асобы з-за межаў Беларусі ня маюць права ўдзельнічаць непасрэдна, для іх існуе адзіная магчымасьць — праз сваіх беларускіх партнэраў. Але беларускія кампаніі павінны мець дзейную ліцэнзію і досьвед працы ў такім бізнэсе ня меней за 2 гады.

Службовец сказаў, што ёсьць выпадкі, калі расейскі і турэцкі бізнэс працуе ў Беларусі менавіта праз сваіх мясцовых партнэраў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG