Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі школьнік спажывае ў шэсьць разоў болей солі за амэрыканскага. Гэта хочуць выправіць


Ілюстрацыйнае фота Shutterstock

Пытаньне аб увядзеньні ў рацыён беларускіх школьнікаў дадатковай шклянкі малака «вывучаюць адпаведныя органы дзяржаўнага кіраваньня». Пра гэта паведаміла 21 жніўня загадчыца аддзелу Рэспубліканскага цэнтру гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя Ала Малахава.

«Дасьледаваньні паказваюць, што дзецям у школах бракуе малака. Таму мы лічым неабходным увесьці ў мэню школьных сталовак дадатковую шклянку малака альбо прадукту, які можа разглядацца як ягоны замяняльнік: напрыклад, тварожная паста ці ёгурт», — сказала Малахава.

Соль і цукар — галоўная небясьпека для беларускага вучня

«Найбольшы нэгатыўны ўплыў на здароўе вучняў аказвае залішняе ўжываньне солі. Так, норма харчаваньня беларускага школьніка прадугледжвае, што ён павінен зьядаць цягам сутак 6-8 грамаў солі. Адпаведная норма для вучняў ЗША складае 1,2 грама», — сказаў журналістам начальнік аддзелу харчаваньня Навукова-практычнага цэнтру харчаваньня Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Валер Шылаў.

Паводле навукоўца, у сярэднім жыхар Беларусі ўжывае 10,6 грамаў солі на суткі, што ўдвая больш, чым рэкамэндуе Ўсясьветная арганізацыя здароўя.

«Каб паменшыць ужываньне солі ў школьных сталовых, зараз распрацоўваецца новая тэхналёгія прыгатаваньня каўбас», — паведаміла намесьнік дырэктара Інстытуту мяса-малочнай прамысловасьці Натальля Фурык. — З дапамогай навукоўцаў Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту мы спадзяемся зьнізіць долю солі ў каўбасах на 30%. Думаю, з новага году мы зможам наладзіць выпуск такіх каўбас».

І ўтрыманьне цукру ў харчаваньні школьнікаў плянуюць зьнізіць на 30-35%.

Швэдзкі стол у школах

«Каб кардынальна вырашыць праблемы харчаваньня вучняў у школьных сталоўках, найлепш увесьці швэдзкі стол», — лічыць Валер Шылаў.

Паводле яго, экспэрымэнты ў некалькіх школах паказалі, што адкідаў пры такім харчаваньні практычна няма, бо вучні самі выбіраюць тое, што ім падабаецца.

«І наагул харчаваньне на выбар найбольш адпавядае цяперашняму часу і магло б добра паўплываць на здароўе дзяцей. А яно, на жаль, выклікае трывогу».

Валер Шылаў адзначыў, што за апошнія 10 год захворваньні дзяцей у школах Менску павялічыліся на траціну, і ў гэтым вялікую нэгатыўную ролю адыгрывае няправільнае харчаваньне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG